Адбыўся першы абласны фестываль устаноў адукацыі

11 июня 2019

Сёння ў Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэсціраванне. Абітурыенты здалі беларускую мову. А з 15 чэрвеня стартуе прыём дакументаў у прафесійна-тэхнічныя каледжы.
Для тых, хто яшчэ толькі вызначаецца з будучай спецыяльнасцю, адбыўся першы абласны фестываль устаноў адукацыі. У інтэрактыўных зонах школьнікі маглі даведацца аб самых запатрабаваных спецыяльнасцях.

На кірмашы адукацыйных прапаноў пабывала і Наталля Кузьміцкая. Паклеіць шпалеры, патынкаваць сцены або выкласці мазаіку - Анастасія Нікіціна сёння можа не горш за прафесійнага будаўніка. Сёння яна - выпускніца Барысаўскага профільнага каледжа. Летась прадстаўляла вобласць на рэспубліканскім этапе працоўнай алімпіяды “Ворлд Скілс”.

Сваім вопытам і магчымасцямі прафесіі майстар падзялілася з наведвальнікамі першага абласнога фестывалю прафесійнай адукацыі. Тэхнолагі, аператары электраабсталявання, слесары механазборачных работ - зараз выпускнікі з атэстатам базавай і сярэдняй школы могуць прадоўжыць адукацыю па некалькіх дзясятках працоўных спецыяльнасцяў. На аснове аналізу, патрэбы рынку працы ў кадрах штогод адкрываюцца новыя кірункі навучання.

Навучанне па кожнай з іх, амаль з першага курса, практыка-арыентаванае, на сапраўднай вытворчасці. Таму напрыканцы курса ў выпускнікоў - гарантаванае працоўнае месца.

Сёння ў сістэме адукацыі Мінскай вобласці 38 каледжаў і ліцэяў, у якіх можна атрымаць прафесійна-тэхнічную і сярэдне-спецыяльную падрыхтоўку. Пасля выпускнікі могуць як пачаць прафесійную дзейнасць, так і прадоўжыць навучанне ў ВНУ, з залікам адразу на другі ці нават трэці курс.