Адбыўся форум, прысвечаны аналізу рызык у сферы кіравання міграцыяй і межамі

13 марта 2014

Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі апублікуе ў пачатку красавіка справаздачу па рызыках, якім можа падвергнуцца беларуская мяжа падчас правядзення чэмпіянату свету па хакеі. Пра гэта на міжнародным семінары паведаміў начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Дзяржпагранкамітэта Алег Машараў. Сумесны дакумент быў складзены ў садзейнічанні са спецыялістамі з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Малдовы, Расіі і Украіны. Таксама на форуме, прысвечаным аналізу рызык у сферы кіравання міграцыяй і межамі, адзначылі, што падчас сусветнага першынства выпадкі нелегальнага перасячэння беларускіх меж не выключаны. Бо візавы рэжым для ўсіх, у каго будзе набыты білет на адзін з матчаў чэмпіянату, адменены. Як паказвае сусветная практыка, зламыснікі могуць гэтым скарыстацца.


2 катэры, 5 пазадарожнікаў і 11 цеплавізараў, набытыя беларускімі пагранічнікамі ў рамках міжнароднага праекта СУРКАП, дапамогуць вартавым межаў абараніць дзяржаўныя граніцы ад нелегальных мігрантаў. У будучыні ў рамках гэтага праекта плануецца закупіць тэхнікі яшчэ на 5 мільёнаў еўра.