Маэстра Міхаіл Фінберг уклаў усё сваё жыццё ў Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна", таму яго імя навечна ўпісана ў гісторыю песенна-музычнага форуму. Такім меркаваннем падзяліліся салісты заслужанага калектыву Беларусі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, які сёння носіць імя свайго стваральніка і мастацкага кіраўніка М. Я. Фінберга, піша БЕЛТА.
9 чэрвеня, у першы дзень Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2023", на маладзечанскай зямлі ўвекавечылі памяць аб маэстра. На фасадзе гарадскога Палаца культуры ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар М. Я. Фінберга. Цырымонію наведаў і калектыў аўтараў - народны мастак Беларусі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў і архітэктар Віктар Карака. Скульптар расказаў, што працаваў адразу над двума заказамі - мемарыяльнымі дошкамі для Маладзечна і Мінска (дома, у якім жыў народны артыст). Ён паведаміў, што работы хаця і падобныя паміж сабой, але маюць адрозненні. Зараз скульптар працуе над надмагільным помнікам Міхаілу Фінбергу, які будзе ўсталяваны на Усходніх могілках сталіцы.
Як адзначыла дырэктар Палаца культуры горада Маладзечна Таццяна Цагалка, гаворачы пра Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна", адразу ўспамінаецца імя Міхаіла Фінберга і яго Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі.
Маэстра Міхаіл Фінберг быў заснавальнікам і ідэйным натхняльнікам фестывалю ў Маладзечне. Больш за тое, вядомы дырыжор стаяў ля вытокаў шматлікіх яркіх падзей у Беларусі і за яе межамі. Яго імя ўвекавечана ў дзвюх зорках - на віцебскай алеі Летняга амфітэатра і ў Маскве побач з канцэртнай залай "Расія", а таксама на мемарыяльнай дошцы ў Мінску на доме, у якім жыў народны артыст.














