25 августа 2013
У гэтыя выхадныя адзін з самых маладых гарадоў краіны адзначае свой юбілей. Гэта свята цесна звязана яшчэ з адной адметнай датай - Днём шахцёра. Таму рыхтаваліся грунтоўна. Завяршылі рэканструкцыю цэнтральных вуліц, набярэжнай і рыхтуюць да здачы новую школу. Разам з салігорцамі адзначаць двайное свята будуць і сябры-пабрацімы з Расіі, Украіны, Літвы, Венесуэлы, Малдовы і Кітая.

Наш карэспандэнт Аляксандра Драгун пабывала ў святочным Салігорску.

Канцэрты пад адкрытым небам, выставы народнай творчасці і акцыі па добраўпарадкаванні раёнаў. Гэтыя выхадныя для Салігорска асаблівыя: адзначаюць двайное свята - Дзень шахцёра і горада. Сёлета 9 спецыялістаў удастоены вышэйшай узнагароды - медаля За працоўныя заслугі. Усе яны супрацоўнікі Беларуськалія. На прадпрыемстве працуюць дзясяткі гадоў. Так, Васіль Аляксеевіч асабіста ўдзельнічаў ва ўзвядзенні шостага рудніка. Цяпер начальнік будаўніча-мантажнага цэха. Хутка адзначыць і асабісты юбілей - чацвёрты дзясятак працоўнага стажу.

Ветэраны Беларуськалія і тыя, хто годна працягваюць традыцыі беларускіх гарнякоў, запрошаны на святочны канцэрт.

Добраўпарадкаванне вуліц Набярэжнай і Кастрычніцкай, рэканструкцыя фасадаў жылых дамоў, азеляненне двароў і цэнтральных бульвараў. Разам шахцёры і гараджане рыхтавалі любімы Салігорск да вялікіх падзей. Вынікі падвялі і на самым прадпрыемстве Беларуськалій.

Бадай, самы галоўны і каштоўны падарунак яшчэ наперадзе. Да здачы рыхтуюць школу на больш чым 700 месцаў. А пакуль горад святкуе. Урачыстую праграму працягнуць зоркі беларускай эстрады і танцавальныя калектывы.