Салігорскаму цэнтру эстэтычнага выхавання "Самавар" - 20!

8 июня 2023
"Самавар" талентаў і натхнення. Салігорскаму цэнтру эстэтычнага выхавання - 20! Асновы рытмікі і харэаграфіі, акцёрскае майстэрства выкладаюць дашкалятам, практыкуюць калектыўныя спевы і арт-тэрапію. А з бацькамі ў цэнтры праводзяць псіхалагічныя трэнінгі. Месца, дзе раскрываюць дзіцячыя таленты, наведала Ларыса Гулякевіч.

У дружны "самаварны" калектыў кастынг праходзяць педагогі. А вось дзеці - не. На "творчае чаяванне" запрашаюць усіх ахвотнікаў. Бо талент дзіцяці часам хаваецца за страхамі ці комплексамі, асаблівасцямі характару. І каб раскрыць здольнасці, патрэбны час. Цэнтр эстэтычнага выхавання "Самавар" дапамагае дашкалятам праявіць сябе. А ўсе заняткі праходзяць выключна ў гульнявой форме.

Яшчэ будучы магістрам педагагічнага ўніверсітэта, Вольга Кацуба разам са сваімі выкладчыкамі распрацоўвала методыкі па навучанні маленькіх. Вось ужо 10 гадоў педагог-наватар увасабляе свае ідэі на занятках па акцёрскім майстэрстве. Дзеці разам прыдумляюць казкі, тым самым развіваюць памяць, фантазію і маўленне. Яшчэ адно практыкаванне - мізансцэна, дзе вучні на аркушы паперы ва ўяўнай прасторы размяшчаюць казачных герояў, а потым самі становяцца гэтымі персанажамі.

На музычных уроках кожны можа прымерыць ролю дырыжора, саліста, сыграць на розных інструментах. А потым усё гэта намаляваць.

Яны малююць музыку, эмоцыі і нават характар. Не толькі свой, але і сваіх сяброў. Па спецыяльнай "самаварнай" арт-тэрапіі тут можна распазнаць, ці ёсць талент і творчыя здольнасці ў дзяцей ад 5 да 6 гадоў.

Арт-тэрапіі тут асаблівая ўвага. Кіраўнік "Самавара" Святлана Пятровіч па спецыяльнасці піяніст і псіхолаг. З дапамогай выяўленчага мастацтва праз малюнак можа стварыць псіхалагічны партрэт дзіцяці.

Тут на ўроках мастацтва не вучаць, як правільна маляваць, ляпіць, танцаваць ці іграць на музычных інструментах. Тут ствараюць гульнявую прастору для самавыяўлення, раскрыцця творчага патэнцыялу, стварэння свайго непаўторнага дзіцячага свету.

"Самавар" вось ужо 20 гадоў працуе на базе Салігорскай дзіцячай школы мастацтваў, якой восенню спаўняецца 35.

Навучальны год для 35-ці маленькіх выпускнікоў завяршыўся святочным спектаклем "Казкі дзядзечкі Самавара". Самыя здольныя і таленавітыя прадоўжаць музычнае навучанне зараз ужо ў дзіцячай школе мастацтваў Салігорска.