Вялікае навагодняе свята аб'яднала больш за 700 юных жыхароў цэнтральнага рэгіёна. 20 лепшых вучняў па выніках года атрымалі ўзнагароды і падзякі. Свята прысвяцілі дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". Навагодні квэст, флэшмоб Дзедаў Марозаў і Снягурак і відовішчны тэатралізаваны паказ. Трапіла на навагоднюю казку і Наталля Кузьміцкая.
Нават падчас канікул Яна Гамза не пакідае заняткаў. Зараз дзяўчынка рыхтуецца да чарговага этапа алімпіяды па рускай мове. Філалогія любімае, але не адзінае хобі.
З трэцяга класа яна актыўна ўдзельнічае і перамагае ў шматлікіх алімпіядах і конкурсах, навуковых і творчых.
Сёлета за свае дасягненні і поспехі ў школьным і пазашкольным жыцці дзяўчынка атрымала чарговае ганаровае званне - “Лепшы вучань Мінскай вобласці”. Такая адзнака стала выдатным завяршэннем чвэрці для 20 школьнікаў з усіх раёнаў Мінскай вобласці.
Самых дасціпных, спартыўных і творчых дзяцей сустракалі на галоўнай абласной ёлцы без перабольшвання дзясяткі Дзедаў Марозаў і Снягурак. На традыцыйнае пераднавагодняе свята сёлета запрасілі 740 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куткоў вобласці. Навагоднюю праграму «Казка чароўнага ліхтара» рыхтавалі для ўдзячных гледачоў лепшыя артысты.
Каб трапіць на галоўнае шоу і ўбачыць казку, дзецям трэба было прайсці квэст. У кожнага раёна быў свой маршрут падарожжа. Напрыканцы чакалі пазлы, якія потым склалі ў адзіную карту Мінскай вобласці, дзе сёння паўсюль праходзяць дзіцячыя святы.
Абласная ёлка ў Салігорску - кульмінацыя вялікай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая ладзіцца ўжо 21-ы год запар у падтрымку выхаванцаў дзіцячых дамоў, прыёмных і апякунскіх, шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Яны сёння таксама прысутнічалі ў святочнай зале.
Напрыканцы навагодняга мюзікла кожны ўдзельнік свята, акрамя незабыўных уражанняў, атрымаў яшчэ і пачастункі. Але дабрачынны марафон на гэтым не заканчваецца, акцыя будзе ладзіцца да 8 студзеня.













