Сакавіты ўраджай кавуноў збіраюць фермеры Мінскай вобласці

27 августа 2019
У прамысловых маштабах  вырошчваннем  бахчавых займаюцца дзве гаспадаркі ў рэгіёне. На палях пад  Смалявічамі  сёлета сабраць плануюць пад 700 тон  ураджаю. Сярэдняя  вага  аднаго кавуна тут  6-8 кілаграмаў. Першы ўраджай  ужо  рэалізавалі ва  ўласных пунктах продажу. Апошнім часам вырошчваюць кавуны не толькі прафесійныя гаспадары, але і аматары на   ўласных  прысядзібных участках. Так, у  Крупскім раёне Уладзімір Трусаў чатыры  гады атрымлівае  асалоду ад вырашчанага сваімі рукамі кавуна. Сюжэт Наталлі Кезік.

Паласаты ласунак на снеданне, абед і вячэру. У сям’і Трусавых на стале кавуны выключна ўласнага ўраджаю. Гаспадар ужо чатыры гады запар вырошчвае бахчавыя на сваім прысядзібным участку. Сцвярджае:   культура не капрызная. А экалагічна чыстага пачастунку для ўнукаў хопіць да самай восені.

Ураджай кавуноў не штукамі, а тонамі падлічваюць у гаспадарцы пад Смалявічамі. Першы раз бахчавыя тут высадзілі восем гадоў таму.  Сёлета ў гаспадарцы пад кавуны адвялі 5 гектараў. Першы ўраджай ужо сабралі -   прыкладна 20 тон. Другі на падыходзе   вагой пад 50 тон. 

Кавун вось у такім выглядзе спецыялісты называюць шадрыкам. Каб вырасці да сапраўдных, вялікіх памераў, яму неабходна ўсяго два-тры тыдні. Для гэтага яму спатрэбяцца сонца і невялікая колькасць вільгаці. З-за вялікай колькасці ападкаў першы ўраджай у гаспадарцы аказаўся не вельмі ўдалым -  некаторыя кавуны аказаліся пустацелымі. Зараз уся надзея на жнівеньскае сонечнае надвор’е. Калі не пахаладаюць ночы, то ураджай паласатых будзе сакавітым. 

Сёлета на палях гаспадаркі   з дзясятак сартоў кавуноў. А вырошчваюць ласунак двума спосабамі:  на частцы плошчаў высяваюць насенне, для астатніх гектараў з вясны ў цяпліцах вырошчваюць рассаду. Герой гэтага сюжета Уладзімір Трусаў з насеннем пакуль не эксперыментуе, а вось вясной рассаду вырошчвае. І даглядае кожную ралінку, як маленькае дзіця.

У Мінскай вобласці пакуль толькі дзве гаспадаркі ў прамысловых маштабах спрабуюць вырошчваць беларускія кавуны -   у Лагойскім і Смалявіцкім раёнах. Культура непераборлівая, і калі пашанцуе з устойлівым надвор’ем, то ўраджай гарантаваны. Эксперыментуюць гаспадары і на ўласных падвор’ях і  вырошчваюць выдатны экзатычны ласунак.