Падзеі заходняга рэгіёна краіны - у дайджэсце

4 апреля 2020
А ў Гродне стартавала кампанія па масавым азеляненні абласнога цэнтра. Тут плануюць высадзіць некалькі тысяч дрэў і кустоў. Новая выява сімвала горада - святы Губерт з аленем - з’явіцца ў гістарычным цэнтры горада да ХІІІ фестывалю нацыянальных культур. А даведацца пра подзвіг партызан цяпер можна і пры дапамозе інтэрнэта. Інтэрактыўная выстава праходзіць у горадзе над Нёманам. Пра гэтыя і іншыя цікавыя падзеі заходняга рэгіёна краіны - у наступным дайджэсце.

Сёлета Гродна плануе пацвердзіць статус самага зялёнага горада краіны. Рабіны, клёны, ліпы і бярозы з’явяцца ў гістарычным цэнтры і ў новых мікрараёнах. Пасадзяць кусты ўздоўж аўтамабільных дарог. Акцэнт зробяць на кізільнік бліскучы, карысны барбарыс, шыпшыннік з духмянымі кветкамі - гэта звычайныя і найбольш распаўсюджаныя расліны ў нашай мясцовасці. Выбар на іх для гарадскіх пасадак, прыпадае ў сувязі з яшчэ адной характарыстыкай - добрай прыжывальнасцю.

Высадка дрэў - адзін з асноўных спосабаў паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў горадзе. Да вырашэння гэтай задачы актыўна падключаецца насельніцтва. Сумесныя намаганні, на думку спецыялістаў, спрыяюць "ажыўленню" гарадскога ландшафту і аздараўленню наваколля.

У Гродне з’явіцца новая выява сімвала горада. Гранітную калону з бронзавымі фігуркамі святога Губерта і аленя ўстановяць у гістарычным цэнтры горада спецыяльна да ХІІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Па задуме аўтара праекта,  уся кампазіцыя дасягне трох метраў у вышыню.

Зараз праект праходзіць працэдуру ўзгаднення. На спецыяльным савеце вядучыя архітэктары, мастакі, скульптары і мастацтвазнаўцы Гродна ўжо вынеслі свой станоўчы вердыкт. Вызначаецца канчатковае месца ўстаноўкі кампазіцыі.

Інтэрактыўная выстава "Подзвігі і лёсы партызан у дакументах" адкрылася ў Гродне. Экспазіцыя ўключае ў сябе больш за 70 экспанатаў. Іх асаблівасць – персаніфікацыя. Пры дапамозе электроннага стэнда можна знайсці свайго гераічнага продка, які ў гады вайны быў партызанам ці падпольшчыкам. У базе даных інтэрнэт-праекта больш за 83 тысячы электронных картак партызанскага руху.

Плануецца таксама перавесці ў электронны варыянт шматлікія ваенныя карты, насценгазеты і лістоўкі, якія выпускалі партызанскія атрады падчас акупацыі.