Уласныя квадратныя метры для шматдзетных. Ключы ад новых кватэр атрымалі жыхары Смалявіч

16 июля 2020
Новае жыллё  для шматдзетных. Сёння  наваселле ў Смалявічах. У новым квартале горада - спадарожніка Мінска пабудавалі дом на 242 кватэры, трэць з якіх зоймуць менавіта шматдзетныя. Увогуле ж ключы ад сваіх кватэр сёлета атрымаюць амаль 2 тысячы такіх сем'яў Мінскай вобласці. 

Аляксей Кандраценка павіншаваў навасёлаў Смалявіч, а заадно даведаўся пра вырашэнне кватэрнага пытання ў цэнтральным рэгіёне. У жыхароў Смалявіч  Канстанціна і Ганны Пішчанкі сёння важны дзень. Іх мару - прасторнае жыллё - будаўнікі рэалізавалі за некалькі гадоў. Хутка пераезд, а пакуль тры сыны - Аляксей, Яўген і Мікіта - плануюць, дзе будзе іх пакой. Шматдзетнай сям'і прапанавалі асаблівы варыянт - адразу дзве кватэры: двух- і аднапакаёвую. 

Наваселле - гэта важная падзея і для ўсяго горада, бо паступова ў квартале на паўночным захадзе Смалявіч з'яўляецца ўсё больш жыхароў. Праз некалькі тыдняў навасёлы заедуць і ў дом на 192 кватэры, пабудаваны для мінчан. 

Тут, на вышыні 9-павярховага дома, літаральна як на далоні відаць, як расце горад. Адначасова з жыллём у Смалявічах узводзяць і сацыяльна значныя аб'екты. 

Напярэдадні ў Смалявічах адкрыўся першы гандлёва-забаўны цэнтр. У планах - узвядзенне яшчэ аднаго, з акцэнтам на спартыўных залах і медыцынскіх кабінетах. Асабліва прывабнай зонай горада стане і пляж мясцовага возера.