Уласнае жыллё стала непрыдатным для жыцця

22 мая 2013
Кватэрнае пытанне ўжо паўгода востра стаіць перад жыхарамі шасці дамоў горада Гродна. Залітыя кіпенем мэбля і бытавая тэхніка… Уласнае жыллё стала непрыдатным для жыцця. І калі кошт рэчаў улады кампенсавалі, то пытанне з жыллём дагэтуль застаецца адкрытым. А пацярпелым жыхарам усяго толькі патрэбныя гарантыі і канкрэтныя даты доўгачаканых уваходзін.

Расказвае Дзмітрый Смірноў:. Прарыў цеплатрасы на вуліцы Татарскай у снежні мінулага года пакінуў без даху над галавой сем'і з 6 дамоў. Шматлікіх у тую раніцу, у тым ліку і маленькіх дзяцей, ратавальнікі цаной наймацнейшых апёкаў вынеслі з дома на руках.
Праз 6 месяцаў там, дзе бурліў кіпень, так і не вырасла трава. У дварах дагэтуль валяецца сапсаваная вадой мэбля. А пустыя дамы на Татарскай прыцягваюць сваёй занядбанасцю злодзеяў.
Пакуль вырашыцца пытанне з новым пастаянным жыллём, сем'ям вылучылі кватэры з манеўранага фонду. Планавалася, што перачакаць трэба будзе толькі да вясны. А там пацярпелыя атрымаюць новыя кватэры. Але вясной тэрміны ўваходзін зрушыліся на снежань 2013-га. Мала таго - жыць у падменных кватэрах апынулася выпрабаваннем. Нават павесіць карнізы ім забаранілі.
Аднак нашу здымачную групу начальнік ЖЭСа асабіста запэўніў: жыхары могуць нават кухонныя шафкі навешваць, ніхто і слова не скажа.
Сёння ў свае дамы, пацярпелыя ад снежаньскага прарыву цеплатрасы, мясцовыя жыхары прыходзяць, як у госці. Адзіная дата, якую яны адзначаюць сёння на сваім календары - гэта снежань 2013 года. Менавіта ў гэтым месяцы ім абяцалі зладзіць уваходзіны.
Гэта другая - апошняя дата перасялення. Роўна да гадавіны прарыву цеплатрасы. Але зараз людзі ад мясцовых улад чакаюць гарантый. Прычым пісьмовых.
Гаворка ідзе аб 15 кватэрах. Улады разглядаюць два варыянты - будаўніцтва шматпавярховага дома на месцы затопленых дамоў, якія знясуць, або вылучэнне кватэр у розных мікрараёнах горада на выбар пацярпелых.
На свае ўваходзіны, калі яны ўсё ж адбудуцца, жыхары з Татарскай абяцалі запрасіць і чыноўнікаў.