Сабраць ураджай аграрыям актыўна дапамагаюць студэнты

17 сентября 2019

Актыўная фаза працы зараз і на беларускіх палях. Час бульбы і агародніны. Прычым сабраць ураджай аграрыям актыўна дапамагаюць студэнты. Моладзевы дэсант працуе з энтузіязмам,  бо для некаторых памочнікаў гэтыя гаспадаркі - будучае месца працы. Колькі агародніны плануюць сабраць у Віцебскай вобласці,  даведалася Вольга Маслоўская.

Вінегрэт на палях. Прыватная фермерская гаспадарка ў Віцебскім раёне вырошчвае ўсе інгрэдыенты, неабходныя для прыгатавання любімай стравы  зімовага меню. Бульбы  больш за 200 гектараў. Капуста, морква, бурак, але фірменная прыбытковая агародніна гаспадаркі - гэта рэпчатая цыбуля. Пад яе адведзена 30 гектараў. Зараз ураджай падсыхае на палях, а пасля ачысткі і сартавання адправіцца ў сховішча.

У Віцебскай вобласці самая высокая ўраджайнасць бульбы ў краіне

Па цыбулю, вырашчаную ў Віцебскім раёне, прыязджаюць з Расіі, Украіны, Сербіі. Попыт ёсць і на іншыя культуры. Бульбу спрабуюць галандскай і беларускай селекцыі. Гавораць, самы ўстойлівы ў захоўванні айчынны "скарб". Ураджай другога хлеба  і ў гаспадарцы, і ў цэлым па вобласці  не менш за 400 цэнтнераў з гектара, у той час як па краіне ў сярэднім убіраюць 332 цэнтнеры.

Нарыхтоўка агародніны на зіму

Разлічваюць тут і на добры ўраджай капусты. Дарэчы, на фермерскіх палях яе вырошчваюць нетрадыцыйным для паўночных шырот безрасадным спосабам.

Зараз ураджай актыўна закладваюць на захоўванне. Вытворчы кааператыў "Альгоўскае" ў адказе за агароднінную бяспеку горада Віцебска. Усю зіму пастаўляюць прадукцыю ў магазіны, а яшчэ ў дзіцячыя садкі, школы, бальніцы горада. 

Каб у кожнай віцебскай сям'і на стале ў дастатку было агародніны, на захоўванне трэба закласці 3,5 тысячы тон бульбы. Капусты жыхары абласнога цэнтра з'ядуць 1700 тон, буракоў - удвая менш.

Студэнты Віцебскай вобласці дапамагаюць убіраць агародніну

Убіраць ураджай своечасова аграрыям Віцебскай вобласці дапамагаюць студэнты. Мацвей Герцік працуе з энтузіязмам. Хлопец з вёскі, загартаваны уласным агародам. Гаворыць, што працаваць на ўборцы морквы нескладана, асабліва калі ёсць стымул.

Забаўляюць студэнты сябе самі, а вось клопаты па арганізацыі іх падвозу і харчавання гаспадаркі бяруць на сябе. Некаторых памочнікаў  з сельскагаспадарчых ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў  праз некалькі гадоў прымаюць на працу. 

Моладзевы дэсант будзе працаваць на палях прадпрыемства "Альгоўскае" яшчэ два тыдні. За гэты час кожны паспее сабраць свой вінегрэт, пабываўшы на маркоўным, бурачным і капусным палях.