Снежная стыхія сёння літаральна ўскалыхнула і Інтэрнэт

12 января 2016

Снегапад стаў галоўным ньюсмейкерам дня. Карыстальнікі актыўна пісалі фота- і відэагісторыю студзеньскай непагадзі, каменціравалі дарожную сітуацыю і, вядома, параўноўвалі сённяшні цыклон з некалі нашумелым "Хаўерам". Анлайн-карціна дня ў Вольгі Анішчанкі.

Гэтае відэа вядучага навін нашага канала Яўгена Перліна, напэўна, было першым у сетцы з хэштэгам "Даніела". Па яшчэ ранішнім пустым Мінску відаць, што выпала рэкордная норма снегу.

Байнэт ажывіўся бліжэй да паловы восьмай раніцы, калі пачаўся масавы выезд аўтатранспарту. Хтосьці захраснуў на кальцавой і дзеліцца гэтым фота. Хтосьці ў доўгіх чэргах на прыпынку. Але пакуль адны лаюць непагадзь, другія радуюцца гурбам, як дзеці.

У гэты дзень не маркоціліся аўтамабілісты. Заклікаюць не разлічваць на дапамогу камунальнай тэхнікі, а вырашаць дарожнае пытанне падручнымі сродкамі. Пазітыўны настрой у барацьбе са стыхіяй актыўна падтрымліваюць і іншыя анлайн-карыстальнікі.

Байнэт літаральна гудзе: ці тое яшчэ было! Бо ўсяго нейкіх гадоў дзесяць таму такія цыклоны - госці частыя. Старэйшае пакаленне ўспамінае свае юныя гады і свае снежныя зімы, моладзь аднаўляе карціну тых гадоў па аповядах сваіх бацькоў.

Пакуль мегаполіс літаральна тоне ў снезе, а большасць сталічных гараджан з самай раніцы выбірае правільныя маршруты, глыбінка па-добраму зайздросціць. Поўдзень Беларусі сёння сустракаў раніцу зусім не снегам - ліўні накрылі Брэсцкую і Гомельскую вобласці.

Зрэшты, казачную снежную карціну дня сёння сапсавалі хіба што дарожныя заторы. Хітом Байнэту стаў ролік, які здымаў вадзіцель мінскага тралейбуса. Адной рукой трымаючы руль, сам апынуўся ўдзельнікам камічнага ДТЗ.

Сёння Інтэрнэт у дапамогу не толькі тым, хто маніторыць дарогі краіны, але і тым, каму падчас снегападу патрэбная рэальная падмога. Як і ў мінулыя гады, аўтамабілісты гатовыя падставіць плячо. У Байнэце прымаюць заяўкі ад тых, хто гатовы прыйсці на дапамогу. Хэлп-ліст гуляе ў сацсетцы і на старонцы пошукава-выратавальнага атрада "Анёл" і разлічаны на тых, хто трапіць у снежны палон на трасах Беларусі.

Грамадзяне гатовыя як адбуксаваць аўто, прапанаваць любы інструмент, так адагрэць чаем і нават даставіць дамоў.