Снег, галалёдзіцу і парывісты вецер чакае сталіца ў найбліжэйшыя выхадныя

30 января 2015

Чарговы паўночны цыклон наблізіцца да цэнтральнага рэгіёна ў найбліжэйшы ўікэнд. Да пачатку наступнага тыдня дарожныя ўмовы на гарадскіх вуліцах будзе ўскладняць і туман. Ці вернуцца сапраўдныя маразы ў цэнтральны рэгіён? Падрабязнасці – у Юліі Плытнік.

Сёння раніцай сталіцу зноў накрыў снегапад. На дарогах заторы. З-за небяспечнага надвор’я ўжо адбылося некалькі ДТЗ. Дарожнікі адсочваюць сітуацыю, і не выключана, што ім прыйдзецца працаваць кругласутачна.

Цэнтральны рэгіён зараз пад уладай актыўных атмасферных франтоў, што рухаюцца з паўночнага захаду Еўропы. Сіноптыкі прагназуюць парывы ветру да 20 метраў за секунду. Акрамя гэтага, надвор’е будзе ўскладняць туман.

Дзмітрый Рабаў, начальнік службы Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі: "Тэмпература паветра будзе істотна вышэйшая за кліматычную норму. У дзённыя гадзіны тэмпература будзе плюс 1 - плюс 6 градусаў цяпла. У нядзелю вецер трошкі сціхне - чакаюцца парывы да 14 метраў за секунду. Чакаюцца ападкі ў выглядзе мокрага снегу. Але пры гэтым тэмпература паветра будзе паніжацца і ў начныя гадзіны складзе да мінус 5, таму будуць спрыяльныя ўмовы для стварэння галалёдзіцы".

На бліжэйшыя дні ў сталіцы і вобласці аб'яўлена штармавое папярэджанне. Таму ад паездак на далёкія адлегласці лепш адмовіцца. Калі ж прыйшлося выехаць на трасу, варта захоўваць хуткасны рэжым і быць уважлівым. На ўсе выклікі надвор’я Цэнтр аператыўнага ўпраўлення абласнога МНС гатовы адрэагаваць аператыўна.

Мінчан пераменлівым надвор'ем не здзівіш. Прызнаюцца: снег, хоць і замінае рух пешаходам і вадзіцелям, усё ж такі добрага настрою дадае.

Пачатак наступнага тыдня сталіца сустрэне спакойным зімовым надвор'ем. Але ненадоўга. Сіноптыкі прагназуюць вяртанне паўночнага цыклону са снегам і моцнымі парывамі ветру.