Смалявічы заўтра прымуць удзельнікаў і гасцей абласных "Дажынак"

6 октября 2017

Апошняя падрыхтоўка да галоўнага свята аграрыяў. Ужо заўтра Смалявічы прымуць удзельнікаў і гасцей абласных “Дажынак”. Прычым, рыхтуецца не толькі сам горад. Кожны раён Мінскай вобласці рыхтуе сваю фішку, каб здзівіць.

У праграме і смачныя пачастункі, і канцэртная праграма, і, зразумела, узнагароджанні лепшых. Антаніна Станкевіч аб прыемных перадсвяточных клопатах.

Саломінка да саломінкі, акуратна, дакладна і з душой. Штандарт раёна даручылі рабіць, бадай, самай стараннай і крэатыўнай майстрысе ва ўсіх Крупках. Агульную канцэпцыю - форму і памер - павінны вытрымаць, але далей фантазію ніхто не абмяжоўвае. Атрымалася сонечна, прыгожа і з густам.

Яніна Мікульчык таксама рыхтуецца да свята. Адна з самых таленавітых ткачых ва ўсёй вобласці - не так даўно вярнулася з фестывалю з дыпломам - правядзе для ўсіх ахвотнікаў адмысловы майстар-клас. На тым самым станку, за якім працавала яе матуля, бабуля і прабабуля. Ткацкаму станку, які прывязуць у Смалявічы, - больш за 150 гадоў, але да гэтай пары з яго дапамогай ткуць самыя прыгожыя ручнікі і паясы ў раёне. Гэтаму ж мастацтву заўтра навучаць кожнага.

Але галоўныя героі фестывалю, безумоўна, самі аграрыі. Яны таксама рыхтуюцца да свята, але толькі маральна. Уборка ўраджаю не завершана - збіраюць кукурузу, бульбу, буракі. Механізатар Анатоль Жамоздзік - адзін з лепшых у раёне. Такіх як ён і будуць ушаноўваць на “Дажынках” - адданых і працалюбівых.

Але больш за ўсіх, напэўна, да “Дажынак” рыхтуюцца гаспадары свята. У Смалявічах літаральна ў кожным кутку адчуваецца атмасфера прыемных клопатаў.

Творчы калектыў «Пліса» - пастаянныя ўдзельнікі ўсіх свят у цэнтральным рэгіёне, у тым ліку і “Дажынак”. За дзень да ўрачыстасцей яшчэ раз рэпеціруюць канцэртныя нумары, каб заўтра ўсё было дасканала. І нават нягледзячы на тое, што артысты даволі вопытныя, усё ж пэўнае хваляванне адчуваюць.

Ацаніць намаганні арганізатараў фестывалю можна будзе ўжо заўтра. Канцэрты, забаўныя квэсты, фуд-корты ў нацыянальным стылі, шэсце на 1000 чалавек - гэта толькі частка таго, што запланавана на “Дажынках”. Увечары для гасцей і ўдзельнікаў свята ў Смалявіцкім раёне - феерверк.