Змена ўлады толькі канстытуцыйным шляхам гарантуе яе легітымнасць

16 июля 2016

Пра гэта сёння гаворыць экспертная супольнасць. Якімі б неадназначнымі не былі крокі ўрада і лідары краіны, толькі народ сваім голасам на выбарах мае права вызначаць лёс краіны.

Павел Патапейка, палітычны аналітык: "Трэба сказаць, што ўжо не першы год палітычнае сітуацыя ў Турцыі вельмі сур'ёзная, вельмі напружаная. Рэч у тым, што Эрдаган - лідар дастаткова яркі і рашучы. Далёка не ўсім ён падабаецца як унутры Турцыі, так і за яе межамі. І трэба сказаць, што ў яго на сённяшні дзень дастаткова шмат нядобразычліўцаў, асабліва ў сілавых структурах Турцыі. Некалькі разоў адбываліся чысткі сілавых структур, кіраўніцтва сілавых структур ад асоб, нелаяльных да Эрдагана. Яго многія абвінавачваюць у такой латэнтнай, паўзучай ісламізацыі Турцыі. Камусьці не падабаецца яго такая знешнепалітычная актыўнасць, Турцыя пад яго кіраўніцтвам адыгрывае даволі прыкметную ролю і на Блізкім Усходзе. Былі то ўскладненні, то прымірэнні ў адносінах з Ізраілем, вось мы бачылі нядаўна ў адносінах з Расіяй. Неадназначнай бачыцца роля Турцыі некаторым назіральнікам і па сірыйскім канфлікце. Яго стасункі з ЕС таксама, так сказаць, не ўсім падабаюцца. Прычым яны відазмяняюцца неаднаразова. Ён уносіў карэктывы ва ўласны курс у дачыненні да ўступлення ў ЕС. Словам, можна сказаць, што яго становішча дастаткова няпростае".