Выпадак шаленства дзікай жывёлы выяўлены ва Ушацкім раёне

10 декабря 2015

Янотападобныя сабакі і лісы сталі ўсё часцей з'яўляцца на падворках мясцовых жыхароў. Лабараторныя даследаванні выявілі, што адна з жывёл была хворая на шаленства. У населеным пункце аб'яўлены каранцін. Якія меры неабходна прымаць пры сустрэчы з небяспечным госцем, высвятляла Вольга Маслоўская.

Няпрошанага госця Вячаслаў Жаваранак, жыхар вёскі Кляўцы, выявіў на падворку ў сабачай будцы. Замест сабакі Грома там сядзеў янот. Звярок не спалохаўся чалавека і не збіраўся пакідаць прыстанак.

Адразу за вёскай пачынаецца лес, але з'яўленне дзікага звера на падворак - прыкмета небяспекі, таму гаспадар адразу патэлефанаваў у раённую санэпідслужбу. Лабараторнае даследаванне паказала: у жывёліны шаленства. І хаця кантакту з чалавекам пазбегнуць удалося, сабака Гром мог стаць ахвярай небяспечнага віруса. Зараз сабака праходзіць курс антырабічнага лячэння.

У вёсцы аб'яўлены каранцін. Усім шарыкам і муркам зробленыя прышчэпкі. За свойскімі жывёламі вядзецца строгі ветэрынарны нагляд.

Найбліжэйшыя два месяцы жыхарам вёскі забаронена прадаваць сваіх гадаванцаў або перавозіць іх у іншы населены пункт. Усе бяздомныя жывёлы будуць адлоўленыя. Спецыялісты абходзяць двары, тлумачаць людзям, як засцерагчы сябе ад шаленства.

Яшчэ адзін янотападобны сабака хаваўся ў адрыне побач з домам Людмілы Сушчэўскай у вёсцы Глыбочка. Звярка выявіў сабака.

Людміла з дачкой вырашылі прытуліць сімпатычнага звярка. Сталі лавіць жывёліну. Калі б не пальчаткі на руках у абедзвюх жанчын, укусы жывёліны былі б больш сур'ёзнымі.

Ці быў янот хворы на шаленства, пакуль лабараторна не ўсталявана. Аднак такія паводзіны жанчын спецыялісты называюць безразважнымі. Спробы пагладзіць, пакарміць, а ўжо тым больш злавіць дзікую жывёліну пагражаюць сур'ёзнымі наступствамі. Вірус шаленства для чалавека смяротны.

Яўген Талалуеў, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ушацкага раёна: "Шаленства невылечнае. Калі своечасова не пачаць рабіць прафілактычныя прышчэпкі, у 100 працэнтах выпадкаў чалавек гіне".

Такі выпадак быў зарэгістраваны дзесяць гадоў таму ў Сенненскім раёне. З тых часоў фактаў шаленства сярод людзей у Віцебскай вобласці не было. У некалькі разоў скарацілася захворванне і сярод жывёл. Шмат у чым дзякуючы вакцынацыі лясных насельнікаў.

Анатоль Ананьеў, загадчык аддзялення Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя: "Асноўны і самы галоўны метад прафілактыкі шаленства сярод жывёл - гэта вакцынацыя ў дзікай прыродзе, таму што вірус шаленства з'яўляецца рэзервуарам менавіта ў дзікіх драпежных жывёл. І раскідванне прынад з вакцынай вельмі эфектыўна спрыяе таму, што шаленства памяншаецца. І вось за гэтыя чатыры гады два разы на год праводзілася вакцынацыя ў дзікай прыродзе ў 15-ці раёнах Віцебскай вобласці. І гэта дало свой станоўчы вынік".

Калі ў 2011 годзе ў паўночным рэгіёне было зафіксавана 169 выпадкаў шаленства жывёл, то ў гэтым толькі 23.