Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па факце выкрадання 21-гадовай дзяўчыны ў Брэсце

30 сентября 2019

Шакіруючая  навіна з'явілася ў Cетцы сёння днём. Нейкі мужчына заштурхаў дзяўчыну ў багажнік аўтамабіля "Фальксваген Джэта" і з'ехаў у невядомым кірунку. На тэрыторыі адразу некалькіх раёнаў Брэсцкай вобласці быў уведзены план "Перахоп". Неўзабаве сышчыкам  атрымалася адшукаць дзяўчыну і падазронага. Чым скончылася гісторыя,  ведае Карына Пашкова.

Званок у міліцыю паступіў у 8:38 раніцы. Жыхар Брэста  паведаміў, што нейкі мужчына ў двары дома па вуліцы Маскоўскай  заштурхаў дзяўчыну ў багажнік аўтамабіля "Фальксваген Джэта"  цёмна-сіняга колеру. Пасля гэтага машына з’ехала  ў невядомым кірунку.

Вольга Чамаданава, афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі: "На тэрыторыі Жабінкаўскага, Кобрынскага і Бярозаўскага раёнаў быў уведзены спецыяльны план "Перахоп". У 8:45 на лінію 102 патэлефанавала дзяўчына, якая паведаміла, што знаходзіцца ў багажніку аўтамабіля "Фальксваген Джэта", якім кіруе яе былы хлопец. Куды рухаецца аўтамабіль,  яна не ведае, але паведаміла супрацоўнікам міліцыі даныя вадзіцеля. Усе нарады міліцыі былі арыентаваныя на пошукі аўтамабіля".

Сінюю "Джэту" міліцыянеры выявілі ля вёскі Бусні Жабінкаўскага раёна. Пазней знайшлі 29-гадовага хлопца, нібыта выкрадальніка,  і  саму выкрадзеную дзяўчыну. Вядома, што яна працуе ў адным з банкаў у абласным цэнтры. 

Вольга Чамаданава, афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі: "Брэстаўчанка распавяла супрацоўнікам міліцыі, як малады чалавек выцягнуў яе з багажніка і зацягнуў за прыпынак грамадскага транспарту, дзе некалькі разоў стукнуў бітай па галаве".

Дзяўчына зараз знаходзіцца ў бальніцы. Медыкі аказалі ёй неабходную дапамогу і з ёй таксама працуюць следчыя. 

Падазроны зараз затрыманы, у дачыненні хлопца ўзбуджана крымінальная справа за выкраданне чалавека. Раней малады чалавек судзімы не быў. І зараз ён нідзе не працуе. Што стала прычынай такога ўчынку,  зараз сказаць складана. Не выключана, што гэта высвятленне адносін…  Занадта агрэсіўнае высвятленне адносін.