Следчы камітэт расследуе крымінальныя справы аб распальванні міжнацыянальнай варожасці

11 декабря 2016

Падставай для пачатку крымінальнага праследавання ў дачыненні да трох беларусаў сталі публікацыі на шэрагу расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў. У правакацыйных артыкулах (большая іх частка пісалася пад псеўданімамі) адмаўляліся факты існавання беларускай дзяржавы, мовы, народа. Праведзеная экспертыза пацвердзіла экстрэмісцкі характар заказных опусаў. Вылічыць ананімных "пісьменнікаў" следчым не склала працы. Зараз усе трое затрыманыя і даюць паказанні. 

Падрабязнасці справы ў Юрыя Казлова.

Шавінізм і ксенафобія - нязменны інгрэдыент любога канфлікту. У свой час гэтыя з'явы, памножаныя на арганізатарскія здольнасці аднаго аўстрыйскага мастака, падпалілі ўвесь свет. Еўропа палала шэсць гадоў. Беларусь страціла кожнага трэцяга...

"Неданарод", "недамова", "недадзяржава" - такімі тэрмінамі аперыравалі прапагандысты Трэцяга рэйха і каты нацысцкіх канцлагераў. Сёння такія меркаванні лічацца не проста непрыстойнымі - за іх караюць. Ва ўсім свеце. І жорстка. У большасці краін ЕС неасцярожнае слова ў адрас людзей іншай нацыянальнасці пагражае салідным штрафам - да 10-ці тысяч еўра. А за адмаўленне халакосту ў многіх дзяржавах Еўрасаюза даюць рэальныя тэрміны, каб жыхары адзінай Еўропы памяталі ўрокі Другой сусветнай…

"У беларускай мовы ўсё роўна няма ніякіх шанцаў. Яна нікому не патрэбная, акрамя звар'яцелай недадзяржавы, якая імкнецца звярнуць сабе шыю на Майдане па прыкладзе суседзяў".

"Няма "беларусаў" як нацыянальнай групы. Немцы і армяне - ёсць, а "беларуская нацыя" - пакуль толькі праект, праект польскі і русафобскі".

"Неданарод", "недамова", "недадзяржава" - поўны камплект, які, згодна з экспертызай, праведзенай Рэспубліканскай камісіяй, падпадае пад артыкул 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі - распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці. На тыдні Следчы камітэт нашай краіны ўзбудзіў па гэтым артыкуле крымінальныя справы ў дачыненні да трох беларусаў. Доўгі час яны публікавалі заказныя артыкулы для маргінальных расійскіх рэсурсаў накшталт "Регнум", «Евразия Дэйли» і саліднай (на першы погляд) пляцоўкі «Лента.Ру».

Напэўна аўтары антыбеларускіх опусаў здагадваліся, што выдумкі аб непаўнавартасці якога-небудзь этнасу аддаюць нацызмам, і за свае словы рана ці позна давядзецца адказваць па законе. Толькі адзін з затрыманых - Сяргей Шыпценка (ён жа Артур Грыгор'еў) - перыядычна публікаваўся пад сваім імем. Яшчэ двое - выкладчык з Мінска Юрый Паўлавец і брэсцкі вартаўнік Дзмітрый Алімкін - выключна пад псеўданімамі. Апошні з мэтай яшчэ большай канспірацыі пад жаночым імем Ала Бронь. Вось так вартаўнік з горада над Бугам адным сказам апісвае ўсю гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці: "Калі яны атрымалі ў свае рукі кавалак рускай зямлі з рускім насельніцтвам, яны думалі, што сарвалі добры куш. У іх сярэдневяковых уяўленнях валодання нейкай тэрыторыі з насельніцтвам і рэшткамі прамысловасці дастаткова, каб стаць краінай".

У Беларусі Ала Бронь і іншыя сталі не першымі фігурантамі крымінальнай справы па 130-м артыкуле. Не так даўно завяршыўся працэс над аўтарам антырасійскага блога Эдуардам Пальчысам. Гэта значыць у справе распальвання пазіцыя следчых органаў паслядоўная. Абразлівыя выбрыкі ў адрас прадстаўнікоў любога народа - расійскага, польскага, беларускага, украінскага - караюцца і будуць карацца. Пры гэтым абвінавачанні не бяруцца невядома адкуль - кожны выпадак дбайна і доўга разбіраецца і аналізуецца, у тым ліку экспертнай камісіяй. Яе задача - вызначыць мяжу, за якой заканчваецца гарантаваная Канстытуцыяй свабода слова, і ўступае ў сілу Крымінальны кодэкс.

Тым часам шэф-редактар "Регнума" Юрый Баранчык (таксама, дарэчы, ураджэнец Беларусі) заявіў, што затрыманыя з'яўляюцца пакутнікамі і ледзь не палітвязнямі. Зрэшты, афіцыйная пазіцыя Расіі ў справе тройкі "пісьменнікаў" напэўна выкліча ў спадара Баранчыка жаданне сабраць на ўсялякі пажарны цёплыя рэчы.

На жаль, прыніжэнне беларускай дзяржаўнасці не самы востры момант у справе Шыпценкі, Алімкіна і Паўлаўца. Лейтматыў большасці артыкулаў больш жудасны: беларусы і рускія - ворагі. Гучыць дзіка. Як для беларусаў, так і для расіян. Але яшчэ пяць гадоў таму гэтак жа нязвыкла гучаў тэзіс аб тым, што ворагамі з'яўляюцца рускія і ўкраінцы або львавяне і жыхары Данецка. Але менавіта такая маргінальная публіцыстыка нараўне з опусамі пра "вялікае казацтва" і "маскоўскую арду" ўнесла свой уклад у падзел Украіны на бандэраўцаў і ватнікаў. Чым гэта ўсё скончылася - ведаюць усе. Цана таксама вядомая. Паводле звестак ААН, з красавіка 2014 года ахвярамі канфлікту на Данбасе, выкліканага варожасцю па нацыянальнай, моўнай і палітычнай прыкметах, сталі 10 тысяч украінцаў. Больш чым 2,5 мільёна пакінулі свае дамы.

На шчасце, на тэрыторыі нашай краіны прадстаўнікі розных народаў і рэлігій заўсёды ўжываліся мірна. Тут не было характэрных для Еўропы яўрэйскіх пагромаў. Сёння нікому не прыходзіць у галаву ўводзіць забарону на нашэнне паранджы. Не памяркоўнасць, а шчырая павага да іншых народнасцяў і іх традыцый у беларусаў у крыві. І гэта лепшая прышчэпка ад шавінізму і ксенафобіі.