Следчым камітэтам Беларусі затрыманы Сяргей Шыпценка

10 декабря 2016

Следчым камітэтам Беларусі ў рамках расследавання крымінальнай справы аб распальванні нацыянальнай варожасці ўчора быў затрыманы Сяргей Шыпценка, які публікаваў артыкулы ў Інтэрнэце пад псеўданімам Артур Грыгор'еў. Ён падазраецца ва ўчыненні дзеянняў, накіраваных на абуджэнне нацыянальнай і сацыяльнай варожасці ў розных груп насельніцтва Беларусі і Расіі.

Сяргей Кабаковіч, начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК Беларусі: "Следчым камітэтам у рамках расследавання крымінальнай справы па ч. 1 арт.130 КК Беларусі затрыманы Сяргей Шыпценка, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які стала пражывае ў Мінску. Ён падазраецца ва ўчыненні сумысных дзеянняў, накіраваных на абуджэнне ў розных груп насельніцтва Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, а таксама варожасці па прыкметах нацыянальнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, якія выявіліся ў падрыхтоўцы і размяшчэнні ў Інтэрнэце артыкулаў пад псеўданімам Артур Грыгор'еў. Зараз з удзелам падазронага праводзяцца следчыя дзеянні".

Нагадаем, што раней былі затрыманыя грамадзяне Беларусі, аўтары беларусафобскіх артыкулаў выкладчык Юрый Паўлавец і вартаўнік   Дзмітрый Алімкін. Пад псеўданімамі і за грошы яны рыхтавалі правакацыйныя матэрыялы для некаторых інтэрнэт-парталаў у Расіі. Вынікі экспертызы пацвердзілі, што яны маюць усе прыкметы экстрэмізму і правакуюць варожасць на нацыянальнай, рэлігійнай і сацыяльнай аснове. У прыватнасці, аўтары ў абразлівай манеры адмаўлялі Беларусь як суверэнную дзяржаву, беларускую мову - як мову нацыі, спрабавалі сутыкнуць асноўныя беларускія канфесіі і спарадзіць агрэсію да расійскай дыяспары ў нашай краіне і беларусаў у Расіі.