След беларусак у гераічнай барацьбе за перамогу над фашызмам

8 марта 2017

"У вайны не жаночае аблічча". Але ў 40-х жанчына падзяліла з мужчынам і фронт, і тыл, ваюючы за волю сваёй краіны, за перамогу над фашызмам. У галоўнае вясновае свята Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны вырашыў распавесці пра лёсы тых 70 000 беларусак, якія прымалі ўдзел у партызанскім і падпольным руху, выносілі з поля бою параненых і супрацьстаялі ворагу на акупіраваных тэрыторыях.

Расказвае Наталля Бардзілоўская. 10 залаў і за тысячу экспанатаў – жаночы ваенны след амаль па ўсім музеі. «Ішлі дзяўчаты па вайне» - не стацыянарны праект, выстава-экскурсія, якая расказвае пра лёсы і подзвігі нашых зямлячак рэальным прадметным радам і чуллівымі навэламі пра нашых гераічных бабуль. Іх подзвіг у лічбах: 9 беларускіх партызанак і падпольшчыц удастоеныя звання Героя Савецкага Саюза. Дзясятак прадстаўніц прыгожай паловы ўзнагароджаны ордэнам Леніна, амаль 70 – ордэнам Славы трэцяй ступені, дзве з паловай тысячы ўрачоў і медсясцёр, 14 жанчын-камандзіраў падпольных фарміраванняў і партызанскіх брыгад. Падрыўнікі, разведчыцы, сувязныя і, вядома ж, тыя, на кім ляжаў гаспадарчы клопат, надзейны тыл, у жудасных умовах выхаванне дзяцей.

Медыкі Вера Харэцкая і Ларыса Абакумава - гераічныя абаронцы Брэсцкай крэпасці. Галіна Дакутовіч - штурман знакамітага жаночага авіяцыйнага палка, які вораг празваў «начнымі вядзьмаркамі». Ганна Цюленіна – камандзір дыверсійнай падрыўной групы, пад яе кіраўніцтвам партызаны пусцілі пад адхон 21 фашысцкі цягнік. Марыя Акцябрская, якая на ўласныя грошы набыла танк і механікам прайшла вайну. Многія з дзяўчат сталі героямі, але так і не зведалі поўнай і шчаслівай жаночай долі: не паспелі пакахаць, стварыць сям’ю, нарадзіць дзетак.

След беларусак і ў гераічнай абароне Масквы, і ў антыфашысцкім супраціўленні ў Францыі. Нашы дзяўчаты сярод працаўніц варонежскага завода «Камінтэрн», што наладзіў выпуск грозных «кацюш».

Сотні, тысячы жаночых імёнаў. Але адно з іх разыдзецца па шматлікіх і разнастайных адрасах. Паштоўка-падарунак удзельнікам экскурсіі – на ёй Лідзія Літвак, ці Белая Лілея, менавіта так называлі лётчыкаў-знішчальнікаў, якія былі асамі настолькі высокага ўзроўню, што ім дазвалялі так званае вольнае паляванне на ворага. Наша Лідзія, ці Лілея менавіта такой і была: на яе рахунку ў бітве пад Сталінградам дзясяткі збітых фашысцкіх самалётаў!

«Не жанчыны прыдумалі вайну» - пад радкамі Уладзіміра Зіноўева ўнікальная фотавыстава з архіваў музея. І - мірнае шматкроп’е ў фінале праекта – стылізаваны куток даваеннага пакоя. На жаль, большасці гераінь той вайны і ўладальніц музейных экспанатаў ужо няма.