"Славянскі форум сем’яў" - ініцыятыва, унікальная сваёй маштабнасцю

27 сентября 2022
Абараніць традыцыйныя каштоўнасці і спрыяць замацаванню інстытута сям'і. "Славянскі форум сем’яў" - ініцыятыва, унікальная сваёй маштабнасцю, аб'яднала ў беларускай сталіцы прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый і святароў праваслаўнай царквы. Канферэнцыі і тэматычныя круглыя сталы, выставы і музычныя сустрэчы, а яшчэ  ўзнагароджанне шматдзетных сем'яў. 

Пра важнасць такіх  форумаў - Наталля Бардзілоўская. Духоўна-асветніцкія праекты, якія аб'ядноўваюць вернікаў і свецкіх, святароў і прадстаўнікоў афіцыйных выканаўчых і распарадчых структур, не першая беларуская ініцыятыва. Але гэты "Славянскі форум сем’яў" унікальны і асабліва злабадзённы ва ўмовах сучаснага свету, захопленага ідэямі глабалізму,  якія пашыраюцца і абясцэньваюць хрысціянскія каштоўнасці, ролю традыцыйнай сям'і. 

Невыпадковы і слоган, пад якім аб'ядналіся больш за паўтысячы ўдзельнікаў славянскага форуму:  "Моцная шматдзетная сям'я - аснова нацыянальнай бяспекі". І нараджальнасць, і шматдзетнасць, і дэмаграфічны рост у прыярытэце. Гэта дэманструюць і царква, і дзяржава.

Падчас форуму ўрачыста ўзнагародзілі лепшыя шматдзетныя сем'і: сем узорных саюзаў вылучыў Беларускі праваслаўны экзархат. Прыехалі яны з розных куткоў краіны, каб атрымаць кветкі, апладысменты і ўзнагароды (дарэчы, акрамя падзяк і грамат ёсць медаль Еўфрасінні Полацкай, які дастаўся Таццяне і Ігару Кавальчук). Дзяліліся паспяховыя пары і сакрэтамі згуртаванасці і шчасця.

У сям'і Ульяшыных пяцёра дзяцей. Шматдзетнасць - прыкмета святарскіх сем'яў і прыклад, годны пераймання. Праваслаўная царква заахвочвае праз самыя розныя ініцыятывы. Напрыклад, праз сацыяльную рэкламу. 

Прадстаўнікі розных рэгіёнаў прэзентавалі на форуме свае праекты "За нараджальнасць". У Цэнтра падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства "Пакровы" з Бабруйска таксама шмат ініцыятыў. 

З матулі, з жанчыны нараджаецца сям'я. Але роля таты, мужчыны немалаважная. І каб падкрэсліць яе значнасць у сямейным саюзе, у беларускі дзяржаўны каляндар уведзена новае свята: 21 кастрычніка - Дзень бацькі.

Дзень бацькі, Дзень маці, Дзень пажылога чалавека - наперадзе ў беларусаў серыя дат, якія падкрэсліваюць, што менавіта ў пераемнасці пакаленняў уся сутнасць шчаслівай сям'і.