Хутка ў сталіцы выберуць "Сям'ю года"

18 октября 2017

У фінале рэспубліканскага конкурсу ўдзельнічаюць сем'і з усіх абласцей краіны і Мінска. Сталіцу прадстаўляюць Войцехі з Заводскага раёна. Маці Алена, бацька Сяргей і дзеці - Максім, Вераніка і Васіліса. Зараз яны актыўна рыхтуюцца да конкурснай праграмы праекта.

Аб галоўных жыццёвых правілах сям'і - Наталля Кузьміцкая.

Вось так поплеч Алена і Сяргей Войцех ідуць ужо трынаццаты год. За гэты час было шмат уласных перамог і сямейных дасягненняў, адкрыццё невялічкага бізнесу, а галоўнае - нараджэнне траіх дзяцей: старэйшай дачушкі Веранікі, сярэдняга сыночка Максіма і маленькага праменьчыка з блакітнымі вочкамі - малодшай Васілісы.

І гэта адно з галоўных сямейных правілаў - абмяркоўваць усе пытанні разам, і разам жа прымаць неабходныя рашэнні. Так на сямейным савеце ўсе прагаласавалі і за ўдзел у конкурсе "Сям'я года".

Менавіта такое стаўленне да сям'і і жыцця ўвогуле дапамагло Войцехам стаць пераможцамі гарадскога этапа. Зараз сям'я рыхтуецца да фіналу. І чым менш застаецца часу да выступлення, тым больш рэпетыцый у іх штодзённым графіку. Аднак гэта толькі на карысць - за час конкурсу заўважылі, што сталі яшчэ бліжэйшымі адно да аднаго.

Творчае заданне на конкурсе - гэта адлюстраванне талентаў усіх членаў сям’і: танцавальнага майстэрства Максіма, артыстызму Веранікі і Васілісы, кулінарных здольнасцяў маці і рамесніцкіх уменняў бацькі. А генеалагічнае дрэва, якое неабходна было зрабіць да фіналу праекта, не толькі аб'яднала родных з Беларусі, Польшчы, Расіі, Літвы і Украіны ў вялікую групу падтрымкі, але і стала сямейнай спадчынай, якая, безумоўна, будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне.