Сітуацыю з беларускімі турыстамі ў Парыжы адсочвае і Міністэрства спорту і турызму нашай краіны

14 ноября 2015

Ведамства працуе ў цеснай сувязі з МЗС. Спецыялісты запатрабавалі ў турфірм звесткі пра беларусаў, якія адпраўлены ў паездкі ў Францыю. Сёння Францыя - адзін з самых папулярных кірункаў у беларусаў. Асаблівым попытам карыстаюцца менавіта аўтобусныя туры. Толькі за мінулы год пасольства Францыі ў Беларусі выдала каля 25 тысяч віз.

Уладзімір Несцяровіч, прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Беларусі:

"Мы звярнуліся да турыстычных кампаній, якія спецыялізуюцца на адпраўцы нашых грамадзян для турыстычных паездак у Францыю, паколькі з кожным грамадзянінам заключаецца дагавор, дзе, у тым ліку, адзначаны нумары кантактных тэлефонаў. Гэтыя звесткі зараз збіраюцца. І я думаю, што за выхадныя мы атрымаем найбольш поўную інфармацыю. Але пакуль скажам так: звестак пра тое, што хтосьці з нашых грамадзян загінуў або пацярпеў у выніку гэтых варварскіх тэрактаў, няма. Акрамя таго, мы рэкамендуем нашым грамадзянам, якія знаходзяцца ў Францыі або ў любой іншай краіне, калі ўзнікае такая сітуацыя, то строга і дакладна выконваць патрабаванні мясцовых праваахоўных органаў, спецыяльных служб і гідаў, якія іх суправаджаюць".