Сітуацыю на палях і ход пасяўной кампаніі актыўна маніторыць Федэрацыя прафсаюзаў

8 апреля 2019

Галоўная задача - гарантаваць бяспечныя ўмовы працы і выключыць траўматызм на вытворчасці. Рэйдавыя групы працуюць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Сярод самых частых парушэнняў: адсутнасць спецадзення і сродкаў індывідуальнай засцярогі, неўкамплектаваныя аптэчкі і выкарыстанне небяспечных інструментаў.

Павел Манько,  галоўны інспектар тэхнічнай інспекцыі працы савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "У наймальніка ёсць абавязак - гэта здаровыя, бяспечныя ўмовы працы. А мы яму падказваем, калі ёсць нейкія парушэнні. Гэта бясплатны аўдыт па заканадаўстве аб ахове працы. Калі нейкія пункты не разумее наймальнік адразу, пры паўторнай праверцы або наведванні мы ўжо дакументы перадаём у кантралюючыя органы, якія прымусяць наймальніка гэта выправіць".

Прафсаюзы працягваюць і народны кантроль цэнаў у магазінах - сеткавых і крокавай даступнасці. Усяго правераць 137 населеных пунктаў. За першы квартал цэнавая сітуацыя на рынку стабільная, але адзначаюцца ўсплёскі. Найбольшую занепакоенасць выклікае падаражанне з пачатку года паслуг ЖКГ і цэнаў на бензін. Што да прадуктаў харчавання, то ў цэнтры ўвагі 98 тавараў са спажывецкага кошыка, якія часцей за ўсё купляюць беларусы. У лідарах па росце цэнаў за тры месяцы сыр, ялавічына і капуста. Галоўны ж крытэрый пры ацэнцы – змяненне даходаў людзей. Гэтыя пытанні будуць вынесены на абмеркаванне ў нацыянальны савет у канцы красавіка з прыцягненнем дзяржорганаў і вытворцаў. 

Алена Манкевіч, намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Нас больш хвалюе, што мы ўбачылі падзенне зарплаты людзей у першым квартале. Гэта звязана з сезоннасцю, таму што рэальныя даходы насельніцтва перад новым годам традыцыйна вышэйшыя, чым першыя месяцы ў новым годзе. Таму гэтая карціна нас, вядома, хвалюе".

Пад пільнай увагай прафсаюзаў і праблемныя рэгіёны, дзе ўзровень зарплат застаецца нізкім. Большасць з іх знаходзіцца ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Федэрацыя прафсаюзаў гатова прапанаваць ураду стварыць рабочую групу для выпрацоўкі дарожнай карты па кожным населеным пункце.