Сітуацыя ў палях на кантролі ратавальнікаў

10 апреля 2019

З-за адсутнасці ападкаў высокая небяспека ўзгаранняў расліннасці. З пачатку года зафіксавана амаль 400 выпадкаў узгаранняў сухой травы ў палях каля вёсак, у лясных масівах і на дачных участках. Галоўная прычына - выпальванне травы і смецця насельніцтвам.

Рэпартаж Ільі Цвяткова. Некалькі разоў на тыдзень у вёсцы Плітніцы Пухавіцкага раёна ўзворваюць поле вакол жылых дамоў. Прычына – небяспечная блізкасць сухой расліннасці да драўляных пабудоў. Толькі за гэты год ў Мінскай вобласці супрацоўнікі МНС зафіксавалі амаль 400 ўзгаранняў травы і тарфянікаў.

Каб прадухіліць такія выпадкі, мясцовыя сельсаветы сумесна з ратавальнікамі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Падчас сумесных рэйдаў тлумачаць жыхарам, як правільна распальваць вогнішча на сваіх участках. Многія «падпальшчыкі» ўпэўнены, што знішчэнне сухой травы не шкодзіць глебе, а наадварот робіць яе больш урадлівай. Аднак эколагі сцвярджаюць - бескантрольныя вогнішчы наносяць значны ўрон прыродзе.


У выпадку калі вогнішча ўсё ж выйшла з-пад кантролю, дзейнічаць неабходна вельмі хутка, выконваючы ўсе правілы бяспекі. Вось, напрыклад, такое вялізнае поле згарэла нядаўна ўсяго за паўгадзіны. Таму калі ўзгаранне ўзнікае каля драўляных будынкаў і на ўчастках, на рэагаванне застаецца ўсяго некалькіх хвілін.


Анастасія Швайбовіч, афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі: "Калі вы сталі сведкам узгарання сухой расліннасці, неабходна неадкладна тэлефанаваць ратавальнікам. Калі вы бачыце, што гарыць лес, трэба таксама тэлефанаваць ратавальнікам, каб прафесіяналы былі ў дарозе. Калі вы бачыце, што можаце прыняць меры па ліквідацыі агню самастойна, гэта не пагражае вашаму здароўю і жыццю, то, вядома, гэта трэба зрабіць".

Гарачая пара толькі надышла. Аматарам вогненных феерый супрацоўнікі МНС нагадваюць: выпальванне сухой травы і смецця строга забаронена. Парушальнікаў чакае штраф да тысячы рублёў.