Галоўным ньюсмейкерам апошніх дзён з'яўляецца непагадзь. Атмасферны фронт "Даніэла" пайшоў на ўсход, але яго наступствы застаюцца прадметам самай пільнай увагі ўлад, камунальшчыкаў, гараджан і жыхароў глыбінкі. Сітуацыя - на пастаянным кантролі ў МНС у анлайн-рэжыме. У рэспубліканскі цэнтр кіравання і рэагавання паступае інфармацыя ад розных ведамстваў і падраздзяленняў. Сёння па-ранейшаму галоўнай праблемай заставалася аднаўленне электразабеспячэння. У большай частцы па Мінскай і Магілёўскай абласцях. У астатніх рэгіёнах, паведамляюць у МНС, гэтыя наступствы стыхіі ліквідаваны.
Расказвае Андрэй Ястрабаў: У Магілёўскай вобласці асноўны ўдар стыхіі прыпаў на паўднёва-заходнія раёны: Бабруйскі, Глускі, Асіповіцкі, дзе на змену снегападам прыйшоў ледзяны дождж. Прыродная з'ява, якая па цяжары наступстваў на другім месцы пасля ўраганаў. Пад цяжарам лёду абрываліся лініі электраперадачы. Абясточанымі апынуліся сотні вёсак.
Дапамагаюць вырашаць праблему перасовачныя дызельныя электрастанцыі. Толькі ў Асіповіцкім раёне падчас аднаўленчых прац электрычнасць падавалі 12 машын.
Адна такая станцыя здольная забяспечыць электрычнасцю невялікі пасёлак да 100 хат. Дазапраўка дае дадатковыя 10-15 гадзін рухавіку бесперабойнай працы. Ва ўмовах стыхіі - незаменная рэч.
Электрычнасць прыйшла ў першую чаргу ў аграгарадкі, дзе ёсць, сады, амбулаторыі, школы. Ужо сёння ўсе яны далучыліся да бесперабойнага электразабеспячэння.
Працы ідуць кругласутачна па ўсёй краіне. 180 аварыйна-выратавальных брыгад і 5 тысяч чалавек вяртаюць у дамы святло.
Уся сітуацыя на кантролі і ў ратавальнікаў у анлайн-рэжыме. Аператыўная інфармацыя сцякаецца ў рэспубліканскі цэнтр кіравання і рэагавання. Праблемных кропак ужо практычна не засталося. Ратавальнікі аказваюць дапамогу энергетыкам, абследаваць пашкоджаныя лініі дапамагае і верталёт Мі-8.
Для экстранных выпадкаў МНС Беларусі распрацоўвае спецыяльны дадатак - "Дапамога побач". Дзе, акрамя ўсяго, прадугледжана інтэрактыўная карта неспрыяльных з'яў. Для аўтааматараў ДАІ сталіцы апублікавала графік зачысткі гарадскіх вуліц. Прасцей кажучы - эвакуацыі. Уладальнікі "падснежнікаў", якія перашкаджаюць працы камунальшчыкаў, могуць не ўбачыць сваё аўто на звыклым месцы. Менавіта такія машыны будуць эвакуіраваць у першую чаргу. Спіс вуліц, якія падлягаюць зачыстцы - на сайце ведамства. Каб яшчэ раз нагадаць людзям аб праблеме, Мінгарвыканкам скарыстаўся паслугамі мабільнага аператара - смс-просьба прыйшла ўжо, пэўна, да кожнага чалавека.
Пасля разгулу "Даніэлы" вуліцы ўжо практычна прывялі ў парадак. На ўборку снегу выехалі больш за тысячу машын. Рабочы дзень перайшоў у рабочы вечар і ў дворнікаў. Як вынік - тоны вывезенага снегу і практычна ідэальны рэжым працы грамадскага транспарту.
Ідэю далучыцца да такога снежнага суботніка падтрымалі шматлікія. Гараджане, прадпрыемствы і арганізацыі. Толькі ў Маскоўскім раёне сталіцы такіх каля сотні. А з надыходам вечара, здаецца, адкрылася другое дыханне.
Ірына Аляхновіч у двор свайго дома выйшла без праблем. Валанцёры БРСМ сталі сапраўднымі ратавальнікамі для пенсіянеркі. За 15 хвілін дарога была цалкам расчышчаная.
Нягледзячы на надвор'е, прыязджаюць у вёскі і аўтакрамы. Толькі ў Мінскім раёне на маршрут выйшлі амаль 10 магазінаў на колах.
Вось яны - наступствы капрызнай "Даніэлы". Менавіта сюды звозяць снег са сталічных дарог, двароў і нават дахаў. За апошнія тры дні - больш за 65 тысяч кубаметраў. У Мінску дагэтуль працуюць 600 грузавікоў, трактароў і снегапрыбіральных машын. На пад'ездзе да палігона - чарга. Вывозіць снег будуць і ўначы.
Для сям'і Куліковых снег толькі ў радасць. Прызнаюцца, што сваю легкавушку ўжо даўно паставілі ў гараж. Зефір - зараз асноўны сродак перамяшчэння. Санкі запрагаць у гэтай сям'і ўмеюць усе.
І, вядома ж, сапраўдная зіма радуе самых маленькіх жыхароў Беларусі. І хоць снег лепіцца пакуль яшчэ не вельмі добра, дзеці ўжо разгарнулі сапраўдныя зімовыя баталіі.
Аматары пракаціцца з гары па-даросламу атрымалі выдатную магчымасць таксама выпрабаваць снег ад "Даніэлы" на трываласць. На гарналыжных курортах - шматлюдна. Зрэшты, месцы на трасах хопіць усім. Тым больш што сапраўднае зімовае надвор'е, па прагнозах сіноптыкаў, будзе радаваць нас яшчэ доўга.













