Сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы дагэтуль застаецца складанай

9 октября 2017

Колькасць фур у розных пунктах пропуску перавысіла адзнаку ў тысячу аўтамабіляў. Чэргі на выезд з Беларусі сталі збірацца яшчэ ў выхадныя з-за абнаўлення праграмнага забеспячэння, якое праводзяць літоўскія мытнікі. Гэта стала прычынай і загружанасці на мяжы з Латвіяй і Польшчай. Там у чэргах стаяць каля паўтысячы фур. Наш карэспандэнт Юрый Шаўчук толькі што вярнуўся з пункта пропуску "Каменны Лог". І ў яго самая апошняя інфармацыя.

Складаная сітуацыя на мяжы ўтварылася ў гэтыя выхадныя. Пачынаючы з суботняй раніцы, літаральна кожную гадзіну чарга з фур станавілася ўсё большай. Да вечара нядзелі тут сабралася амаль 1000 велікагрузаў. За сёння нічога кардынальным чынам не змянілася. І апошнія звесткі гавораць пра тое, што свой выезд з Беларусі чакаюць 954 дальнабойшчыкі.

Шматкіламетровыя чэргі ўтварыліся з-за тэхнічных цяжкасцей у сістэме пропуску літоўскіх мытнікаў. Справа ў тым, што нашы заходнія суседзі запусцілі абгрэйд свайго праграмнага забеспячэння. Два дні спатрэбілася сістэмным адміністратарам, каб абнавіць сістэму. Сёння работы скончыліся, але яшчэ ўчора літоўскія мытнікі працавалі як раней - запісвалі машыны ў часопіс уліку ад рукі. Гэта, гавораць у ДМК, і прывяло да такіх цяжкасцей.

Такіх як Вікенцій толькі тут, на пад'ездзе да "Каменнага Лога", амаль 400 чалавек. Аналагічная сітуацыя і ў іншых пунктах пропуску. "Катлоўка" і "Прывалка" - каля 200 аўтамабіляў, а ў "Беняконях" гэты паказчык набліжаецца да 300.

Праскочыць не атрымаецца і праз іншыя пункты пропуску. З-за чэрг шматлікія вадзіцелі вырашылі пракласці свой маршрут праз Латвію і Польшчу, але і там прыйдзецца пачакаць - паўтысячы аўтамабіляў на пяць пунктаў пропуску. Усяго ў гэтыя хвіліны выехаць з Беларусі ў краіны Еўрасаюза спрабуюць больш за паўтары тысячы грузавых аўтамабіляў.

Нягледзячы на складанае становішча з боку Літвы, Латвіі і Польшчы, у беларускіх пунктах пропуску чэргі не ўтвараюцца. І як мы змаглі пераканацца на прыкладзе "Каменнага Лога", тут праца працягваецца ў штатным рэжыме. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя