Сістэма аплаты дарожнага падатку зменіцца

23 октября 2018

Доўгачаканыя "прэм'еры" ў сваёй сферы і магчымыя змяненні сёння анансавала транспартнае ведамства краіны. Так, абноўленую гродзенскую трасу "запусцяць" да Еўрапейскіх гульняў, а Прыпяцкі мост адкрыюць ужо да 7 лістапада. Навацыі чакаюць і аўтамабілістаў. У Мінтрансе заявілі, што ўрад падтрымае навацыі ў сістэме аплаты дарожнага збору.

Як зменяць дзеючы механізм - спытаем у нашага карэспандэнта Вольгі Анішчанкі.

Пазіцыя Мінтранса - адвязаць транспартны падатак ад тэхагляду. Усе апошнія гады аўтаўладальнікі аплачвалі пошліну, каб фактычна атрымаць доступ на станцыі дыягностыкі. Даязджалі туды не ўсе. Паводле дадзеных за мінулы год, ледзь ці не кожная другая машына калясіла па дарогах без тэхагляду. Ды і штрафы за няпройдзеную праверку невялікія (у параўнанні з дзяржпошлінай), гавораць кіроўцы. У выніку механізм прапанавалі змяніць. Да кансенсусу прыйдуць у найбліжэйшы час, каб у другой палове будучага года працаваць па новых правілах

Міністр упэўнівае: гарачую тэму вынеслі на ўзровень урада. Справа не ў сумах, толькі ў механізме адлічэнняў. Пакуль канкрэтыкі не шмат. Галоўнае - вырашыць прынцыпова, які варыянт аплаты транспартнага падатку найболей прымальны.

Рамонтныя працы сёння актыўна падтрымліваюцца на гродзенскім кірунку. Арыенцір - Еўрапейскія гульні. Да стартаў паспеюць, гаворыць міністр. На чарзе - паўночная рэспубліканская траса М3. На Полацк. Сюды тэхніку выведуць ужо ў наступным годзе. Апгрэйд не 100%. Рамонт патрэбен асобным участкам. Пачнуць увесну. Як толькі пацяплее.

Найбліжэйшыя прэм'еры будуць да лістападаўскіх святаў. Запусцяць рух праз Прыпяць у Жыткавічах (мост ужо практычна гатовы прыняць нагрузкі), урачыстасці чакаюцца і ў Нацыянальным аэрапорце. Абавязацельстваў здаць у лістападзе другую ўзлётна-пасадачную паласу не адмянялі, удакладняюць авіяцыйныя ўлады. Яна зніме абмежаванні на прыём самых цяжкіх авіясуднаў. Фактычна адкрые дарогу транскантынентальным палётам. Зараз другая ўзлётная - галоўны козыр у перамовах з новымі партнёрамі, гатовымі перасякаць кантыненты.

Рэсурс сталічнага аэрапорта таксама павялічаць. Ён - штогадовы рэкардсмен па прыёме пасажыраў. Сёння мінскай паветранай гавані патрэбен новы тэрмінал. Вялікую будоўлю плануюць пачаць пасля вялікіх еўрапейскіх стартаў у Мінску ў будучым годзе. Скончыць - да хакейнага першынства.

Пагадзіліся і з увядзеннем "безбагажных" білетаў. Для гэтага, аднак, трэба ўнесці папраўкі ў закон. Справа не хуткая. Але на працягу паўгода павінны ўкласціся. Яшчэ хутчэй атрымаецца з укараненнем мабільных пасадачных талонаў. Прачытаць QR-код пасажыру дапаможа мабільны тэлефон. Пару месяцаў - і новы механізм запрацуе ва ўсіх аэрапортах Беларусі.