Сістэма такс-фры запрацавала ў магазінах Мінска

5 ноября 2013
Зараз турысты змогуць вярнуць сабе грошы за падатак на дабаўленую вартасць тавару. Новая сістэма працуе не для ўсіх пакупак. Падыходзяць толькі абкладаныя падаткам на дабаўленую вартасць па стаўцы 20% і не падакцызныя. Як турысту можна скарыстацца новай сістэмай, і дзе можна ўбачыць значок такс-фры?

Усе падрабязнасці ў рэпартажы Дзмітрыя Цітова.

Грамадзянка Украіны, хутчэй за ўсё, ужо даўно на радзіме. Але, купіўшы ў адным з цэнтральных універмагаў Мінска беларускіх тавараў больш чым на 800 тысяч рублёў, была прыемна здзіўленая: Беларусь зараз адзіная краіна ў СНД, дзе турысту можна вярнуць грошы за дабаўлены падатак на пакупку пры выездзе з краіны.

Сістэма такс-фры па-сапраўднаму запрацавала ў нашай краіне толькі ў пачатку гэтага месяца, вядомы значок за мяжой зараз знаходзіцца і на разліковых касах у нашых магазінах.

Каля 40 буйных універмагаў ужо працуюць па сістэме такс-фры. Замежныя госці з 11 краін аформілі чэкі на вяртанне падатку. На мытні ім паставілі адзнаку, што тавар вывезены.

Аляксандр Сесютчанкаў, начальнік упраўлення РУП Белмытсэрвіс: Мы вяртаем грошы на банкаўскую карту на працягу 30 дзён з моманту атрымання намі чэка на вяртанне ПДВ.

Расіяне, казахі і, вядома, беларусы карыстацца паслугай такс-фры не змогуць. Гэтую сістэму сталі тэсціраваць яшчэ з 1 кастрычніка, і, паводле слоў работнікаў буйных універмагаў, іншаземцы адразу звярнулі ўвагу на знаёмую таблічку з лагатыпам.

Як падкрэслілі прадстаўнікі Міністэрства гандлю, сістэма такс-фры павінна запрацаваць на поўную сілу да чэмпіянату свету па хакеі ў маі 2014-га. Плануюць афармляць чэкі для іншаземцаў не толькі буйныя ўнівермагі, але і любыя іншыя магазіны. Паводле папярэдніх падлікаў, такіх аб'ектаў гандлю пасля новага года будзе ўжо каля 300. Маркетолагі напярэдадні будучага чэмпіянату свету патрабуюць больш прапагандаваць новую і зручную сістэму ў нашай краіне.

Такс-фры распаўсюджваецца на асобныя катэгорыі тавараў, што абкладаюцца падаткам на дабаўленую вартасць па стаўцы 20%. Іншаземцу вернуць 15% ад кошту. Такс-фры не працуе пры набыцці тытунёвых вырабаў і алкаголю. Са спісу выпадаюць дзіцячыя тавары, прадукты харчавання і аўтамабільнае паліва.