Сіноптыкі папярэджваюць аб аранжавым узроўні небяспекі

7 августа 2013
Спякота, спрыяльная для ўборачнай і небяспечная для людзей, прыйшла да нас з Афрыкі. Сіноптыкі папярэджваюць аб перадапошнім - аранжавым - узроўні па спецыяльнай шкале. Але, гавораць, рэкорда не будзе. І, тым не менш, заўтра слупкі тэрмометраў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях паднімуцца да плюс 35. Прычым на гэтым тыдні практычна кожны дзень будзе анамальна гарачым. Афрыканская спёка да выхадных саступіць месца атмасфернаму фронту з Еўропы. З ім прыйдуць ліўні, град і моцны вецер.

Як сёння ратуюцца ад спякоты беларусы - ведае Кацярына Шыбко.

Вадзіцель тралейбуса Аляксандр Каштальян пасля кожнага рэйса адразу ж накіроўваецца ў дыспетчарскі пункт па прахалодную ваду. Інакш, прызнаецца, ніяк. І гэта, гаворыць, яму яшчэ пашанцавала - у яго кабіне ёсць кандыцыянер. У некаторых яго калегаў, каму пашанцавала менш, і іх большасць, тэмпература ў тралейбусе даходзіць і да 40. Аляксандру гэта таксама знаёма. Ён за рулём больш за 20 гадоў. І з кандыцыянерам у кабіне першы год.
Так ад спякоты ратуюцца і пасажыры. У салонах кандыцыянераў няма.

Супрацоўнікі аўтобусных і тралейбусных паркаў гавораць: хутка праблема са спякотай у салонах павінна вырашыцца. Але калі канкрэтна - не ведае ніхто. І, мяркуючы па прагнозах метэаролагаў, гэтая тэма сёлета ўсё яшчэ будзе актуальная.

Практычна кожны дзень на гэтым тыдні тэмпература вышэйшая за кліматычную норму жніўня. Ці тое яшчэ будзе - не супакойваюць спецыялісты. Паводле слоў сіноптыкаў, ужо ў найбліжэйшыя дні чакаецца аранжавы ўзровень небяспекі. Слупкі тэрмометраў у Брэсцкім і Гомельскім рэгіёнах паднімуцца да 35 градусаў. Дарэчы, такая спякота ў Беларусь прыйшла з Афрыкі.


Але ненадоўга. Сітуацыя да выхадных кардынальна зменіцца. Новы атмасферны фронт прыйдзе з Еўропы.

Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра: У суботу і нядзелю чакаюцца дажджы, навальніцы, падчас навальніц парывы 15 - 20 метраў за секунду . У некаторых месцах чакаюцца моцныя ліўні, у некаторых раёнах магчымы град.

Праўда, ужо з пачатку наступнага тыдня зноў будзе цёпла. І, як гавораць сіноптыкі, у жніўні тэрмометр яшчэ не раз паднімецца да адзнакі 30 градусаў. Урачы ў такую спякоту раяць менш працаваць. Пры тэмпературы ў 28 градусаў - ад 8 да 6 гадзін у залежнасці ад складанасці працы, у 29 градусаў па Цэльсіі рэкамендуюць працаваць не больш за 5,5 гадзіны. А калі адзнака на тэрмометры дасягне 32-х працоўны дзень і зусім можна скараціць да дзвюх гадзін.

Пабольш часу трэба праводзіць ля вады. Каб не выязджаць за горад, шматлікія ў якасці альтэрнатывы выбіраюць фантаны - у асноўным, вядома, гэта дзеці. І хоць паводле закону купанне ў фантанах можа быць расцэнена нават як дробнае хуліганства - міліцыя абяцае ставіцца з разуменнем і кожную канкрэтную сітуацыю, калі яна паўстане, разглядаць індывідуальна.

Нягледзячы на такое гарачае надвор'е, тэмпературнага рэкорда - як прагназавалі ў шматлікіх СМІ - у гэтым месяцы сапраўды не будзе, заявіў нам самы вядомы сіноптык краіны Дзмітрый Рабаў. Максімальная адзнака на тэрмометры ў жніўні была зафіксаваная ў 2010 годзе ў Гомельскім рэгіёне - 39 градусаў. Хоць не выключана, што сёлета свой рэкорд паб'е тэмпература ў верасні. Першы месяц восені абяцае быць гарачым.