Сімвалам ганаровага звання "Народны настаўнік" стаў нагрудны знак

27 ноября 2016

За шматгадовую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выратаванні людзей, больш чым 190 работнікаў розных сфер дзейнасці ўдастоеныя дзяржаўных узнагарод. Указ падпісаў на гэтым тыдні Кіраўнік дзяржавы.

Цікава, што ўпершыню ў Беларусі прысвоена і званне народнага настаўніка. Яго ўдастоены выкладчык магілёўскага абласнога ліцэя №1 Валерый Барашкоў. Сярод яго вучняў сотні пераможцаў розных алімпіяд, а за плячамі амаль паўстагоддзя выкладчыцкага стажу. І сёння 66-гадовы настаўнік па-ранейшаму займаецца любімай справай. Па словах калег і вучняў, яго ўрокі нагадваюць займальныя падарожжы, якія часам выходзяць за рамкі законаў фізікі.

Сімвалам ганаровага звання "Народны настаўнік" стаў нагрудны знак. Сёння яго адліваюць на адным са сталічных прадпрыемстваў. У аснове вобраза фігурны шчыт у выглядзе раскрытага аркуша, на якім надпіс "Народны настаўнік". Сам жа шчыт размешчаны ў промнях славы, што сімвалізуюць шлях прафесійнага станаўлення ўладальніка ўзнагароды.