Адключэнне электрычнасці ў 230-ці населеных пунктах Мінскай вобласці

12 января 2016

Прычынай сталі моцныя снегапады. Аварыйныя службы ліквідуюць наступствы цыклону і ў гэтыя хвіліны: аднаўляюць лініі электраперадачы, а снег з дарог убіраюць амаль паўтары тысячы рабочых і тысяча адзінак тэхнікі. Аляксандр Харавец раскажа, на што здольны цыклон "Даніела".

Сёння здараліся аварыі на дарогах вобласці. На Мядзельскай трасе ніхто сур'ёзна не пацярпеў і дапамога медыкаў не спатрэбілася. Па словах супрацоўнікаў ДАІ, часцей за ўсё прычынай ДТЗ з'яўляецца адсутнасць вопыту ў вадзіцеляў.

Супрацоўнікі дарожнай міліцыі сумесна з камунальнымі службамі задзейнічаныя на расчыстцы асноўных магістраляў. Літаральна без перапынку на дарогах працуюць звыш 600 адзінак спецтэхнікі і амаль 800 рабочых. Сітуацыю з надвор'ем манітораць і ратавальнікі вобласці. У выпадку надзвычайнай сітуацыі супрацоўнікі МНС гатовыя аператыўна прыйсці на дапамогу.

Снегапад пакінуў без электрычнасці і многія населеныя пункты Мінскай вобласці. Аварыйныя брыгады аператыўна працуюць на абясточаных аб'ектах. І ў найбліжэйшы час абяцаюць падключыць карыстальнікаў да электраэнергіі.

Жыхары вёскі Касыль Мінскага раёна тры разы на тыдзень а другой гадзіне збіраюцца на вуліцы - прыязджае аўталаўка.

Нягледзячы на завіруху, выяздны гандаль працуе згодна з раскладам. Толькі ў Мінскім раёне сёння на маршрут выйшлі 8 вось такіх аўталавак. Так што хлеб, мяса-малочныя прадукты і нехарчовыя тавары трапілі да сваіх пакупнікоў без замінак.

Вадзіцель магазіна на колах прызнаецца: па вясковых дарогах нават пры такім надвор'і можна праехаць. Тым больш што яго чакаюць амаль 2 тысячы чалавек.

Такое надвор'е дадае не толькі турбот, а і станоўчых эмоцый. Паўмятровыя снежныя гурбы гарантуюць асалоду ад сапраўдных зімовых забаў.