Шпрыц як метад выхавання

28 января 2015

У адным з гомельскіх дзіцячых садоў памочнік выхавальніка ўкладвала малых спаць, палохаючы іх уколамі. Пра гэта малышы распавялі дома бацькам. Яны звярнуліся ў пракуратуру з заявай, што няня, магчыма, рабіла дзецям нейкія ін'екцыі. Рабіла іх або не - зараз высвятляе міліцыя і пракуратура. Праводзяцца праверка і экспертызы на наяўнасць у дзяцей нейкіх пашкоджанняў на целе. Пасля інцыдэнту памочнік выхавальніка напісала заяву аб звальненні. Няня і загадчыца дзіцячага сада прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. А бацькі чакаюць вынікаў праверкі.

Аб забароненых педагагічных метадах - рэпартаж Вольгі Халадовіч.

Навіна, што ў гэтым садзе няня палохала дзяцей шпрыцамі, ужо паспела абляцець практычна ўвесь Гомель. Абмяркоўваюць яе нават і тыя, у каго дзеці ўжо выраслі.

Пра такія метады выхавання ў садзе бацькам распавялі самі дзеці. Няня ж сцвярджае, што ўсяго толькі хацела прыстрашыць непаслухмяных дзяцей, паказваючы ім шпрыц. Зараз пракуратуры трэба будзе разабрацца, ці прычыніла яна шкоду здароўю малышам. Прызначаны шэраг экспертыз.

Уладзімір Такарэўскі, старшы памочнік пракурора г. Гомеля: "Зараз пракуратурай горада Гомеля дадзены ўказанні аб прызначэнні дадатковай экспертызы для ўстанаўлення пашкоджанняў на целе, механізму іх утварэння, а таксама магчымых наступстваў, якія маглі быць ад ін'екцый. Хоць зараз гаварыць пра тое, што гэтыя ін'екцыі былі зроблены, зноў жа даачасна, таму што гэта не ўстаноўлена".

Відавочна адно, няня не мела права палохаць дзяцей. Каб пакласці іх спаць, ёсць шмат іншых спосабаў. Бясшкодных.

Памочнік выхавальніка прапрацавала ў гэтым садзе два гады. Ніякіх нараканняў ні з боку начальства, ні з боку бацькоў да яе не было. Пасля інцыдэнту са шпрыцам жанчына звольнілася па ўласным жаданні.

Такія метады выхавання заплямілі рэпутацыю не толькі самой няні, але і ўсяго дзіцячага сада, у якім, паводле слоў загадчыцы, раней такіх выпадкаў не было.

Анжаліка Суятнова, загадчыца ДУА "Санаторны яслі-сад №14 г. Гомеля": "Унутры калектыва мы правялі ўсе пазачарговыя інструктажы. Вядома, усе асудзілі, усе самі ў шоку, таму што такога ніколі не было ў нас".

Каб у гэтым пераканацца, мы звярнуліся па каментарый у абласное ўпраўленне адукацыі. Аднак у каментарыі нам адмовілі, спасылаючыся на занятасць. Зрэшты, як і ў гарвыканкаме. Вядома толькі, што пакуль і загадчыца, і няня атрымалі вымову. Бацькам жа застаецца чакаць вынікаў праверкі пракуратуры. Там распрацавалі цэлы комплекс мерапрыемстваў, каб выключыць такія інцыдэнты ва ўсіх садах Гомеля.