Расказвае Аляксандра Драгун.
Гэтыя навагоднія сувеніры можна пакаштаваць. Арэхавыя ёлкі, марцыпанавыя фігуркі і шакаладныя снегавікі. Напрыклад, для гэтага спалучылі малочны і белы шакалад. Спатрэбілася 300 грамаў салодкага інгрэдыенту. З ядомых фігурак збіраюць наборы - выдатны варыянт падарунку да галоўных зімовых свят.
Андрэй Марцінкевіч стварае апошнюю на сёння салодкую ёлку. Спачатку трэба растапіць шакалад, каб матэрыял быў больш прыдатны для творчасці.
Навагоднее дрэва шакалацье літаральна збірае па галінках. Замест строгіх формаў і гатовага трафарэту ўручную чаруе над кожным пазлам будучага навагодняга сувеніра.
Мінчане з кожным годам усё больш аддаюць перавагу такім духмяным і смачным падарункам. За аснову бяруць традыцыйны чорны, малочны і белы шакалад. А вось начынне - палітра з дзясяткамі розных смакавых адценняў: ад цукатаў да перцу і нават солі!
Навагоднія сувеніры не залежваюцца на прылаўках, ад арміі галоўных навагодніх герояў застаюцца лічаныя экзэмпляры. Шакалацье і кандытары будуць гатаваць салодкія сувеніры да 7 студзеня. Дарэчы, у гэтай шакаладнай майстэрні ёсць магчымасць не толькі набыць, але і выйграць смачны падарунак.
Навагодняя атмасфера і святочны настрой пануюць, бадай, у кожным кандытарскім цэху. На гэтым хлебазаводзе да зімовых урачыстасцяў выпусцілі 40 тон тартоў і пірожных.
Па-майстэрску спрытна Святлана Аляшкевіч распісвае зімовымі ўзорамі мармеладны ліст будучага торта. 15-ты год кандытар на гэтым прадпрыемстве гатуе навагоднія прысмакі.
Толькі ў снежні і студзені сярод традыцыйных пірожных у наборах прыемны сюрпрыз - снегавікі-безэ з арэхавымі ўпрыгажэннямі, а на тартах выявы галоўных навагодніх герояў. Сёлета кандытары асвоілі рэцэпт галоўнага італьянскага дэсерту - тырамісу. Новыя смакавыя рашэнні дапоўняць навагодні стол у самую чароўную ноч года.













