Расказвае Паліна Іванча.
Новыя камп'ютары, адрамантаваны дах і сучасная пажарная сігналізацыя. У больш чым трох тысячах школ Беларусі 1 верасня празвініць першы званок. Школы, можна сказаць, таксама здалі экзамен, толькі атрымалі за яго не адзнаку, а так званы пашпарт гатоўнасці.
Гэта дакумент, які пацвярджае, што ў школе не працякае дах, дастаткова выкладчыкаў і падручнікаў, а ў кабінеце біялогіі з'явіліся новыя мікраскопы. Крытэрыяў праверкі вельмі шмат. Рэвізор - спецыяльная камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі розных міністэрстваў, напрыклад, адукацыі, аховы здароўя, а таксама супрацоўнікі МНС і санэпідстанцыі. Паводле апошніх звестак, зараз у Беларусі пашпарт гатоўнасці не атрымалі 40 школ, да канца тыдня яны павінны завяршыць асноўныя рамонтныя работы.
Юлія Ваніна, прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Беларусі: Усяго на рамонце ў нас стаяла 1,5 тысячы школ, з іх 227 праводзілі капітальны рамонт. І на гэта было выдзелена каля 730 мільярдаў рублёў. Некаторыя навучальныя ўстановы яшчэ не скончаць увесь рамонт да 1 верасня. І там, дзе ёсць магчымасць, будзе праводзіцца навучальны працэс у адным корпусе, а ў другім будуць працягвацца рамонтныя работы.
Як запэўнілі ў міністэрстве, гэта прадоўжыцца максімум да сярэдзіны верасня. Але ёсць і іншыя лічбы. У першы дзень восені ў Беларусі больш не расчыняць дзверы 130 малакамплектных школ. У выніку ў новым навучальным годзе ў класе гарадской школы ў сярэднім будуць вучыцца не 20, як раней, а 24 вучні.
1 верасня на школьнай карце краіны з'явяцца і тры новыя школы: адна з іх у Мінску, а таксама ў Салігорску і ў вёсцы Дацішкі Гродзенскай вобласці. У іх будуць вучыцца 1700 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Усяго ж у краіне ўжо ў гэтую суботу на школьныя лінейкі адправяцца больш за 900 тысяч вучняў або кожны дзясяты жыхар краіны.














