Школьнікі ў Пружанах стварылі свой тэлеканал

9 ноября 2016

Адна справа марыць, другая - увасобіць свае жаданні ў жыццё. Так, школьнікі ў Пружанах стварылі свой тэлеканал. Навіны, рубрыкі, інтэрв'ю - поспех каласальны. І ўсё таму, што на экране гледачы бачаць саміх сябе. Вікторыя Патоня даведалася, як працуе і жыве школьнае тэлебачанне.

Невялікая лічбавая камера, мікрафоны і злабадзённыя тэмы. Каб трапіць у творчую майстэрню гэтага дзіцячага тэлебачання, трэба прайсці адбор.

Адны з крытэрыяў кастынгу - добрая дыкцыя, прыемная знешнасць, дасведчанасць і дапытлівасць. Уласны тэлеканал "Пяцёрачка" ў пружанскай школе з'явіўся тры гады таму. У лінейцы вяшчання пяць асноўных рубрык і выпускі навін - два разы на месяц.

Уласнай студыі ў юных тэлевізіёншчыкаў пакуль няма. Па сутнасці, асноўны творчы працэс праходзіць тут, у кабінеце інфарматыкі. Вось карэспандэнты працуюць над тэкстамі. А тут манціруецца выпуск чарговых свежых навін.

Працаваць у кадры і за кадрам, браць інтэрв'ю, вярстаць праграмы. Усё гэта школьнікі робяць самі. Героем рэпартажаў можа стаць кожны, не абавязкова быць выдатнікам або пераможцам алімпіяд. Пра медыйную кар'еру мараць нешматлікія супрацоўнікі тэлеканала, але прызнаюцца, для іх гэта выдатная магчымасць раскрыць свае таленты.

Гатовыя выпускі на "Пяцёрачцы" трансліруюцца ў фае ўстановы, на школьным сайце і нават на ўласным канале ў YouTube. Рэйтынг такіх навін надзвычай высокі. Усе таму, што гледачы на экране бачаць саміх сябе. У перспектыве - павялічыць частату вяшчання і выдаваць у эфір падборку штотыднёвых навін.

Наталля Пойгіна, кіраўнік школьнага т/к "Пяцёрачка": "З гэтага года мы эксперыментальна наведваем Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, кафедру журналістыкі. Раз на месяц нашы школьнікі наведваюць заняткі, у іх дзве пары, дзе для іх выступаюць лепшыя з лепшых у прафесіі".

Іван Карабко, дырэктар СШ № 5 г. Пружаны: "Гаварылі пра стварэнне гарадскога тэлебачання, што нам там дадуць нейкі час эфіру, каб мы часам там свае навіны пракручвалі. Я ведаю, што адзін з будынкаў планавалі аддаць пад такую студыю, каб стварыць ТБ раённае. На сённяшні дзень гэта пытанне зноў аднавілася, абмяркоўваецца".

У планах школьнага інтэрактыўнага ТБ - рабіць выпускі перадач больш лёгкімі, здымаць, у тым ліку, на смартфоны. На адзіным пружанскім тэлебачанні добра разумеюць - любоў гледача трэба заваёўваць.