Школьнікі Чэрвеньскага раёна вяжуць венікі для гаспадарчых патрэб і для лазні

20 июня 2017

Школьнікі Чэрвеньскага раёна другі год запар займаюцца экавытворчасцю - вяжуць венікі для гаспадарчых патрэб і… для лазні. Атрымліваецца бізнес з дубовага і бярозавага галля. Перш чым узяцца за такі промысел, маладыя бізнесмены правялі маркетынгавы аналіз. Наладзілі супрацоўніцтва з лясніцтвам і агракамбінатам. Атрымалася безадходная вытворчасць. Аляксандра Драгун узяла майстар-клас па пляценні дубцоў.

Венік не зламаеш, а дубцы па адным усе пераломіш. Маладыя прадпрымальнікі з аграгарадка Ляды адчулі навобмацак сімвалічны сэнс прыказкі. З непатрэбных галінак яны "сплялі" прыбытковую вытворчасць у школьнай бізнес-кампаніі.

Перш чым плесці венікі, маладыя бізнесмены правялі ў аграгарадку маркетынгавы аналіз. Дамовіліся з лясніцтвам і агракамбінатам аб бясплатным зборы галля і аб шпагаце, што застаецца з рулонаў для падкормкі жывёл. У выніку ўжо рэалізавалі амаль 3 сотні гаспадарчых мётлаў, у тым ліку камунальнікам Чэрвеньскага раёна. Наступным праектам сталі... венікі для лазні.

Вытворчасцю венікаў для лазні маладыя прадпрымальнікі займаюцца толькі пэўны перыяд - з пачатку чэрвеня да сярэдзіны ліпеня. У іншы час лісце на галінках страчвае свае гаючыя ўласцівасці.

Бізнес-кампанія "Грашовае дрэва" існуе 5 гадоў. За гэты час фінансавую граматнасць атрымалі 6 дзясяткаў вучняў. Зараз у калектыве 10 чалавек. Ёсць свой старшыня, менеджары па вытворчасці, продажы, рэкламе. Апошні стартап, за які ўзяліся бізнесмены, - дэкаратыўныя элементы з лазы для ландшафтнага дызайну.

Паўгода юныя прадпрымальнікі паглыблялі свае веды ў эканамічным універсітэце ў Мінску. Школьнікаў вучылі паспяхова развіваць сваю справу ці бізнес-ідэю, каб яна прыносіла прыбытак, а таксама расказвалі аб падатках, рэкламе і прасоўванні праз Інтэрнэт.

Дарэчы, трапіць у бізнес-кампанію можна толькі з 14-ці гадоў.

10 бізнесменаў гатовыя за сціслы тэрмін звязаць на рэалізацыю тысячу венікаў для лазні. Так маладыя вучні-прадпрымальнікі плятуць галінкі, каб затым зрабіць сумеснае падарожжа ў Санкт-Пецярбург.