Шырокі спектр медыцынскіх пытанняў абмеркаваў з кіраўніком ведамства Прэзідэнт Беларусі

15 марта 2020
Абарона здароўя беларусаў - праца, якая вядзецца на ўсіх франтах. Але кола тэм, якія паднімаліся на тыдні ў Палацы Незалежнасці з кіраўніком Міністэрства аховы здароўя, было шырэйшае за сітуацыю з распаўсюджваннем сезонных і несезонных інфекцый. Мадэрнізацыя бальніц і паліклінік, лекавая бяспека, зарплаты ўрачоў - вось такі зрэз пытанняў. Яшчэ ўлетку Аляксандр Лукашэнка, калі прызначаў Уладзіміра Караніка на пасаду кіраўніка Міністэрства аховы здароўя, пазначыў яму болевыя пункты галіны і даручыў давесці беларускую ахову здароўя да ладу. Здаецца, праверку на трываласць прайшла і медыцына, і міністр.

Высакакласныя аперацыі, даступнасць спецыялізаванай дапамогі, асабліва ў рэгіёнах, лічбавізацыя медыцыны, перагляд падыходаў да працы паліклінік - усё гэта добра. Але пытанні ў Прэзідэнта былі да справядлівасці ўтварэння цэн на лекі, закупку абсталявання і эфектыўнасці выкарыстання дарагой тэхнікі. Бо гэта тое, што ў выніку б'е па кішэні простых пацыентаў. Вытворчасць медыкаментаў будуць развіваць, каб не ўзнікала праблем з лекавай бяспекай. Што да закупкі імпартных прэпаратаў і абсталявання, то тут Прэзідэнт катэгарычны: пытанне цаны прынцыповае. Дзякуючы змене сістэмы закупкі яна стала больш празрыстай: цэны на некаторыя віды абсталявання атрымалася знізіць у некалькі разоў.

Задачу па росце прыбыткаў урачоў ніхто не здымаў. Сёння дадаткова прастымулююць тых, хто знаходзіцца на перадавой барацьбы з каранавірусам. Магчымасці для гэтага ёсць. А вось прычын для панікі няма: сістэма аховы здароўя працуе эфектыўна.

Сумленне і правільнасць паводзін беларусаў дапаможа медыкам больш аператыўна рэагаваць на магчымыя выпадкі заражэння. Пра гэта заявіў міністр аховы здароўя ў праекце "Размова ў Прэзідэнта".  Усе пацыенты з дыягназам "каранавірус" знаходзяцца пад сталым назіраннем медыкаў. Стан іх ацэньваецца як стабільны. Адзначым, з бальніц выпісалі ўжо траіх, вылечаных ад COVID-19. 

Што ж да сезоннага росту захворвання на ВРВІ і ВРЗ, то ён знаходзіцца на прагназуемым узроўні, падкрэсліў Уладзімір Каранік. Эпідэмічны парог не перавышаны ні ў адным рэгіёне краіны. І колькасць хворых ніжэйшая, чым летась.