Шэсце працоўных калектываў, вакальныя конкурсы, гастрафэсты, выставы і сюрпрызы ад рамеснікаў - Полацк адзначае дзень нараджэння

26 мая 2023

Старажытны Полацк адзначае дзень нараджэння. Гораду 1162-гі год.

Святочныя ўрачыстасці ўжо стартавалі і прадоўжацца ўсе выхадныя. Гэтымі днямі ўзнагароджваюць лепшых з лепшых. У легендарнай канцэртнай зале Сафійскага сабора адбылася цырымонія прысваення звання "Ганаровы грамадзянін Полацкага раёна" і ўручэнне знака "За заслугі перад Полацкам". 

Алена Сцепанец, урач - дзіцячы неўролаг, ганаровы грамадзянін Полацкага раёна: 

Гэта той горад, дзе ўсе ведаюць адно аднаго. І мая прафесія - прафесія доктара, не заканчваецца маім кабінетам. Я выходжу і бачу твары сваіх пацыентаў. Я ганаруся тым, што многім дапамагла. 

Ігар Марковіч, старшыня Полацкага райвыканкама: 

Горад, які мае такі статус, дзе зарадзілася дзяржаўнасць, пісьменнасць, духоўнасць, патрабуе і асаблівага стаўлення саміх жыхароў. І я ўдзячны палачанам. Тая прыгажосць, якая тут створана, тыя ўмовы - гэта ўсё дзякуючы нашым палачанам. Гэта горад, дзе хочацца жыць, працаваць, гадаваць дзяцей.

Заўтра, 27 мая, у горадзе адбудзецца шэсце працоўных калектываў. На розных лакацыях будуць арганізаваны вакальныя конкурсы, выставы. А яшчэ гастрафэсты, канцэрты, прэзентацыі, сустрэчы з вядомымі людзьмі. І, безумоўна, будуць сюрпрызы для гасцей ад мастакоў і рамеснікаў.