Шэсць сем’яў з Віцебска рыхтуюцца да абласнога этапа конкурсу “Лепшая шматдзетная сям’я”

18 мая 2019

Усе яны - пераможцы адборачных этапаў. Творчае спаборніцтва аб’яднала самых таленавітых, спартыўных і крэатыўных. Удзельнікаў будуць ацэньваць адразу па некалькіх крытэрыях. 

Марына Раманоўская даведалася, як уразіць журы. У кожнай сям’і свой сакрэт. Хтосьці збіраецца здзівіць крэатыўным сцэнарыем з яскравымі нумарамі, хтосьці – цікавымі захапленнямі і агульнымі дасягненнямі. Усе ўдзельнікі ганарацца сваімі сем’ямі і традыцыямі, якія іх яднаюць. Разам з іншымі да конкурсу рыхтуецца і шматдзетная сям’я Жулевіч з абласнога цэнтра. 

Сям'я Жулевіч дасканала адпрацоўвае конкурснае выступленне. Паўтараюць сцэнарый і за сямейным сталом, калі збіраюцца ўсе разам. Маці - настаўніца музыкі, бацька – ваенны. Аднак жыццё ў сям'і зусім не па статуту, а па сваіх, асаблівых традыцыях. Пра іх, а яшчэ пра свае захапленні і дасягненні Жулевічы раскажуць на абласным этапе конкурсу. 

Штодзённая фізпадрыхтоўка аб’ядноўвае усю сям’ю. Падцягваецца на турніку нават малодшая з траіх дзяцей – сямігадовая Дарына. А яшчэ  дапамагае на кухні і прыдумвае аксесуары да касцюмаў. Дарэчы, усе уборы, у якіх сям’я выйдзе на сцэну, выключана ручной работы. 

Даніла захапляецца мадэляваннем – збірае самалёты. Ягор займаецца лёгкай атлетыкай. Нядаўна вызначыўся з будучай прафесіяй. Зараз вучыцца ў кадэцкім вучылішчы. Асвойвае страявую падрыхтоўку, трапна страляе, а некалькі тыдняў таму зрабіў свой першы скачок з парашутам. Падтрымаць Ягора на конкурсе прыйдуць і сябры-кадэты. 

Гармонія ў душы, у сям’і і на працы. Музыкай Алена Жулевіч захаплялася з дзяцінства. І цяпер вучыць прыгожаму іншых. Дарэчы, любімыя кампазіцыі  і ў аснове сцэнарыя. 

Лепшую шматдзетную сям’ю паўночнага рэгіёна краіны вызначаць у панядзелак. Але нягледзячы на вынік, усе яны ўжо атрымалі свой галоўны прыз - сямейнае шчасце и дабрабыт.