Шчырыя спачуванні родным, блізкім і сябрам Ільі Львовіча Кургана

21 августа 2019
Ад імя Белтэлерадыёкампаніі і сябе асабіста выказваю шчырыя спачуванні родным, блізкім і сябрам легендарнага дыктара беларускага радыё і тэлебачання Ільі Львовіча Кургана. 

"Гаворыць Мінск. У мікрафона Ілья Курган", - з гэтымі словамі больш за 40 гадоў пачынала свой дзень большасць беларусаў, у якіх дома была радыёкропка. Разам з Ільёй Львовічам сышла цэлая эпоха, але яго голас застанецца ў памяці калег, вучняў і блізкіх. 

Ілью Кургана называлі залатым голасам Беларусі і беларускім Левітанам. У фондзе Белтэлерадыёкампаніі засталіся яго незабыўныя радыёпастаноўкі, праграмы, падрыхтаваныя ім, і з яго яркім удзелам. Яны не страчваюць актуальнасці і сёння гучаць у эфіры тэле- і радыёканалаў нашага медыяхолдынга і будуць гучаць яшчэ шмат гадоў. 

Заслужаны артыст БССР з’яўляўся ўзорам невычэрпнага таленту і жыццёвай энергіі. Ён прайшоў вайну, эвакуацыю, голад, але стаў сапраўдным прафесіяналам. Нават у апошнія гады жыцця Ілья Львовіч паспяваў выкладаць - перадаваць свае веды маладым калегам. 

Мы глыбока смуткуем разам з роднымі і блізкімі вялікага чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускага радыё і тэлебачання. 

Старшыня І.М. Эйсмант


Развітацца з Ільёй Курганам можна 23 жніўня з 11:00 да 12:30 у  Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы (вул. Энгельса, 7) Грамадзянская паніхіда адбудзецца там жа з 12:30 да 13:00.