Сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі чакаюць рэформы: кіраўнікоў скароцяць, а стаўку зробяць на выканаўцаў паслуг. Станоўчыя змяненні ў гэтай сферы ўжо бачныя - колькасць скаргаў ад грамадзян паменшылася на 10%. Аднак слабыя бакі дагэтуль застаюцца. Пра гэта сёння ў Палаце прадстаўнікоў заявіў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін.
Сёння дэпутаты гаварылі пра тое, як працуюць прынятыя заканадаўчыя акты і якія яшчэ дакументы рыхтуе ўрад. Больш за ўсё пытанняў тычылася тэмы будаўніцтва жылля. Усе падрабязнасці ў Святланы Лук'янюк.
Больш за 50 пытанняў ад выбаршчыкаў пісьмова і на асабістых прыёмах атрымалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Яны тычыліся такіх тэм, як будаўніцтва, транспарт, жыллёва-камунальная сфера, а таксама прыватызацыі жылля. Сёння на гэтыя пытанні на пашыраным пасяджэнні камісіі адказы даваў урад.
У зале на 110 месцаў яблыку не было дзе ўпасці. Дэпутаты чакалі вырашэння надзённых праблем. У першую чаргу, па даўгабудах. Як адзначыў віцэ-прэм'ер, праблемных дамоў як такіх ужо няма. Ёсць дамы са звышнарматыўным тэрмінам. Яны на кантролі ў мясцовай улады і будуць да канца года здадзены.
Анатоль Калінін, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: На наступны год таксама пазначылі лічбу 5 мільёнаў - увод агульнага жылля і ўсе ЖБПК, у якіх пачата будаўніцтва і не завершана, будуць уключаны ў дадзеную праграму і завершаны ў 2015-м годзе. Ттыя ЖБПК, дзе не пачата будаўніцтва, будуць расфарміраваны.
Застаецца сёння адкрытым пытанне па цэнах за праекты дамоў. Бо ўсе змяненні, пераробкі падчас будаўніцтва ў выніку павялічваюць не толькі яго тэрміны, але і кошт жылля.
Анатоль Калінін, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: Усе рызыкі, якія будуць узнікаць, будуць закладзены ў дагаворным нязменным кошце. Кошт будаўніцтва па дзяржаўным заказе павінен быць не больш за 1,2 каэфіцыента ад узроўню сярэдняй заработнай платы па краіне.
Дэпутатаў хвалюе, калі ў нас з'явяцца і новыя механізмы па фінансаванні будаўніцтва, у тым ліку жыллёвыя зберажэнні. У прыватнасці, чакаюць адпаведны ўказ. Пакуль жа дапамагаюць выбаршчыкам разабрацца з прыватызацыяй жылля.
Уладзімір Пузырэўскі, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: Мясцовыя органы ўлады самі рыхтуюць пашпарты БРТІ і даюць права грамадзянам на прыватызацыю іх кватэр. Усе людзі ведаюць, што з сярэдзіны 2016 года тое жыллё, якое застанецца непрыватызаваным, пяройдзе ў разрад арэнднага.
Згодна з новым указам Прэзідэнта, зараз можна прыватызаваць кватэру і без тэхпашпарта, заказаць паралельна з выканкамаўскай і рыначную яе ацэнку за дзяржаўны кошт і прыватызаваць па найменшай цане. А таксама аплачаная доля пры будаўніцтве жылля не страчваецца, а ідзе ў лік прыватызацыі.














