Сезон збору ягад у Мінскай вобласці пачаўся

17 июля 2019

Ападкі і прахалода ў ліпені пакінула адбітак на росце чарніц і маліны - плады сёлета дробныя, але вельмі салодкія. Дарэчы, у гэтым сезоне па ягады можна хадзіць і са спецыяльным камбайнам, каб паскорыць працэс. Збіраць лясныя вітаміны адправіўся і наш карэспандэнт Ілья Цвяткоў.

Галіна па ягады ходзіць с самага дзяцінства. Такі занятак улетку для яе - лепшы адпачынак. Прызнаецца, што калі трапляе у лес, то забываецца на час. Чарніцы і маліну можа збіраць па пяць-шэсць гадзін без перапынку.

Першая палова ліпеня сёлета выдалася вільготнай і не вельмі спякотнай - халодныя ночы пакінулі свой адбітак: напрыклад, чарніцы не паспелі як след, таму зараз - вельмі дробныя. Збіраць лясныя пачастункі зараз можна не толькі ўручную, але і спецыяльным камбайнам – ноу-хау гэтага сезона. Дагэтуль такі спосаб быў забаронены - лічылася, што прылада наносіць шкоду раслінам. 

Вось так выглядае гэты камбайн - рэч на самай справе вельмі зручная і карысная. Па сутнасці яна дапамагае знімаць ягады адным рухам адразу з некалькіх галінак. А гэта робіць працэс збору больш хуткім. За некалькі гадзін можна назбіраць тры поўныя вядры.

 Спосабаў прыгатавання ягад - вялікае мноства. З іх робяць джэмы, варэнне і свежыя сокі. Але не трэба забываць, што лясныя расліны назапашваюць небяспечныя для здароўя чалавека радыенукліды, а таксама ўбіраюць у сябе таксічныя рэчывы. Таму адразу пасля збору або куплі дзікія пачастункі лепш аднесці на праверку ў спецыяльную лабараторыю. 

У Мінску такіх пунктаў праверкі некалькі. Знайсці іх можна, напрыклад, на сталічных рынках. Толькі за ліпень спецыялісты апрацавалі больш за тону лясных дароў. Але асноўная праца наперадзе, бо сезон збору ягад толькі пачаўся.