З'езд навукоўцаў сабраў у Мінску больш за 2 000 чалавек

17 декабря 2017

Падзея, якая праходзіць раз на 10 гадоў, - з'езд навукоўцаў усёй краіны. Інтэлектуальны форум сабраў у Мінску больш за 2 000 чалавек. Яго вынікам прысвяцім большую частку першай паловы праграмы.

Будучыню немагчыма ўявіць без навукі і тэхналогій. Каманда экспертаў з навуковых кругоў падрыхтавала маштабную стратэгію. Доўгатэрміновы прагноз, які стане вызначальным не толькі для айчыннай навукі, але і для ўсёй краіны. Беларусь інтэлектуальная - гэта тое, да чаго імкнуцца. Стратэгія адказвае на пытанне: за кошт чаго разлічваюць расці і развівацца?

Такім чынам, першае - за кошт лічбавай эканомікі і стварэння ІТ-краіны. Другое - гэта развіты неаіндустрыяльны комплекс, які адпавядае выклікам чацвёртай прамысловай рэвалюцыі. Гэта нана-, бія-, ІТ-тэхналогіі, штучны інтэлект, робаты паўсюдна - на вытворчасці і ў жыцці, смарт-энергетыка. Ну, і нарэшце, трэці важны кампанент. У розуме трымаюць звышзадачу - стварэнне грамадства інтэлекту.

У сучасным свеце навука - найважнейшы фактар прагрэсу. Менавіта з гэтага пачаў Прэзідэнт, калі звяртаўся да беларускіх розумаў - навуковай эліты. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пачынаецца новы этап - час станаўлення інтэлектуальнай эканомікі. Гэтаму ўлада будзе ўсяляк садзейнічаць.

Абмеркаванне стратэгіі было бурным. Гэткі глабальны мазгавы штурм. Прадстаўнікі навуковай эліты актыўна дзяліліся меркаваннямі. Праблем хапае - ад аплаты працы, укаранення распрацовак да ўцечкі мазгоў і падрыхтоўкі кадраў. Прэстыж навукоўца, вядома, трэба паднімаць.

Ішла размова пра фінансаванне і стварэнне прарыўных распрацовак - вось што абмяркоўвалі і афіцыйна, і ў кулуарах. Наш аглядальнік Наталля Брэвус навуковых ступеняў не мае, таму задала навуковай і кіраўніцкай эліце простыя пытанні пра навуку (відэа).