Хостэлы плануюць адкрываць ва ўсіх турыстычна прывабных кутках краіны. Дарэчы, у наступным месяцы з'явіцца новы заканадаўчы дакумент, які дазволіць ім працаваць больш упэўнена. Што гэта значыць, разбіралася Таццяна Кучун.
У Еўропе людзі часта ў выхадныя дні выязджаюць у іншыя гарады або мясцовасці, каб пазнаёміцца з іх культурай ці атрымаць асалоду ад прыроды. Спыняюцца пераважна не ў дарагіх зоркавых гатэлях, а ў хостэлах, дзе прапануюць больш просты і эканамічны варыянт пражывання.
Прыблізна за 10-20 еўра турыст атрымлівае зручны ложак у агульным пакоі, гарачы душ і камфортныя ўмовы гатавання ежы. Шырока распаўсюджаная ў Еўропе сістэма размяшчэння непатрабавальных турыстаў у Беларусі развіваецца не надта актыўна.
Сяргей Чарняк, уладальнік хостэла: Сумеснае пражыванне, якое некаторымі ўспрымаецца як негатыў, насамрэч гэта вялікі плюс. Ты знаёмішся з новымі людзьмі, з новымі культурамі, звычаямі. Невысокая цана - гэта таксама вялікі плюс.
Недастатковая колькасць прыдатных памяшканняў з невысокай арэндай, дарагая камуналка, як у зоркавых гатэлях, стрымліваюць распаўсюджванне хостэлаў у Мінску. Некалькі хостэлаў у шматпавярховых дамах вымушаны былі закрыцца з-за нездаволенасці суседзяў. Для больш ўпэўненага існавання эканамічных гатэляў на гасцінічным рынку патрэбны заканадаўчы інструмент, які будзе змяшчаць поўны пералік пытанняў, што рэгулююць іх працу.
Любоў Максімава, начальнік аддзела дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі: Сумесна з аблвыканкамамі, Мінбудархітэктуры, Мінжылкамунгаса і Дзяржкаммаёмасці мы стварылі рабочую групу , якая сёння ўносіць змяненні і дапаўненні ў дзеючую нарматыўную прававую базу для таго, каб стварыць нарматыўна-прававы акт, дапоўніць яго і запусціць працэс развіцця хостэлаў у краіне ўжо ў кастрычніку-лістападзе 2013 года.
Некаторыя змяненні ўжо дзейнічаюць. З нядаўняга часу работнікам хостэлаў стала прасцей працаваць з замежнымі турыстамі. Раней для рэгістрацыі іншаземцаў даводзілася звяртацца ў міграцыйныя службы.
Сяргей Чарняк, уладальнік хостэла: Цяпер мы можам рэгістраваць чалавека на месцы, не дастаўляючы яму нязручнасцяў.
У хуткім часе плануецца стварыць Рэспубліканскае аб'яднання хостэлаў, што дазволіць хутчэй вырашаць шэраг пытанняў. Працаваць хостэлам будзе лягчэй, а іх колькасць узрасце, спадзяюцца ў Мінспорту і турызму. Гэта прывабіць не толькі замежных турыстаў, але і беларусаў, якія змогуць правесці некалькі дзён у аблюбаваным горадзе.














