Сяргей Давідовіч напярэдадні юбілею раскрыў сакрэт свайго натхнення і паказаў свае вытокі

20 июля 2017

Сёння сваё 75-годдзе адзначае чалавек, чый лёс адважна можна назваць унікальным. Актыўны дзяржаўны дзеяч і высокапастаўлены праваахоўнік, паўстагоддзя таму ён адкрыў у сабе лірыка, мастака і паэта і прысутнасць у высокіх кабінетах здолеў спалучаць з заламі сталічных музеяў і прэстыжных прэзентацый. Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і горада Лагойска. Уладальнік уласнай аўтарскай галерэі. Сяргей Давідовіч напярэдадні юбілею раскрыў сакрэт свайго натхнення і паказаў свае вытокі. Рэпартаж Наталлі Бардзілоўскай.

Экс-дэпутат, лаўрэат шматлікіх прэмій, уладальнік ордэнаў і медалёў, палкоўнік у адстаўцы. Сяргей Давідовіч – чалавек зайздроснай кар'еры і даўно прапісаны ў Мінску. Але ён ніколі не адрываўся ад зямлі і, калі можна так сказаць, жыве на дзве хаты. З ранняй вясны да позняй восені праводзіць час на малой радзіме, у вёсцы Карпілаўка Лагойскага раёна.

У просценькім бацькоўскім доме ён нічога не мяняў. Усе ложкі, фотаздымкі, посуд, як было пры матулі, пры таце. З аўтэнтычнай хаткі зрабіў майстэрню: тут малюе, лепіць, тут жа ўзяўся за восьмы том збору сачыненняў, яго сямітомнік з паэзіяй, прозай і аўтарскімі ілюстрацыямі толькі-толькі ўбачыў свет.

З бацькоўскага двара Давідовіч пайшоў у 18. Армія, пасля быў шафёрам, працаваў ў міліцыі, атрымаў юрыдычную адукацыю. У сталіцы пайшоў кар'ерны рост - узняўся да Прэзідыума Вярхоўнага Савета 12-га склікання, займаўся пытаннямі палітычнай галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і праў чалавека. Тыя актыўныя будні не дужа давалі магчымасці для творчасці, у адрозненні ад сённяшняга дня. Зараз мастак і пісьменнік Давідовіч мае сваю вясковую пастараль, якую дзеліць з жонкай Таццянай. Разам паўвека.

Карпілаўка стала месцам творчых сустрэч. Зрэшты, па гэтай зямлі калісьці хадзілі і малады Янка Купала, і Багдановіч, і Уладзіслаў Галубок. Большасць з сённяшніх знакамітых беларусаў - сябры Сяргея Давідовіча.

Зімой перабіраецца ў Мінск, але пакідае корм для жывёл, што прыб'юцца да дома. Гэта і іншае - усе свае жыццё Давідовіч пакідае ў кніжках. У яго вершах, паэмах і апавяданнях - і вайна, якую бачыў малым, і свята, калі матуля дзяліла хлеб. І ўся вялікая сям'я - восем сясцёр і братоў, старэйшаму ён і ўдзячны за захапленне паэзіяй.