Сур'ёзныя парушэнні і недапрацоўкі ў арганізацыі харчавання дзяцей

30 августа 2017

Сур'ёзныя парушэнні і недапрацоўкі ў арганізацыі харчавання дзяцей. Гэта вынікі праверкі Камітэта дзяржкантролю.

Так, у некаторых школах каларыйнасць порцый была значна ніжэйшай за неабходную. Ёсць і факты выкарыстання ў сталовых пратэрмінаваных прадуктаў. У адной з мінскіх школ каля адзінаццаці найменняў прадукцыі былі з мінулым тэрмінам прыдатнасці. Акрамя таго, адной з асноўных праблем для кантралёраў бачыцца цэнаўтварэнне. Паводле слоў спецыялістаў, у працы школьных камбінатаў і прадстаўнікоў спажыўкааперацыі часцяком канчатковы прадукт каштуе значна даражэй, чым у пастаўшчыкоў і вытворцаў.

Уладзімір Кухараў, намеснік старшыні КДК Беларусі: "Мы паглядзелі гэтае пытанне і ўбачылі, што там, дзе арганізуюцца аддзеламі адукацыі пытанні харчавання, яны атрымліваюцца значна таннейшымі, чым спецыялізаванымі арганізацыямі. Акрамя таго, нормы харчавання ў арганізацыях адукацыі складаюць амаль 100%. У той час як у арганізацыях агульнага харчавання - каля 80-85%. На жаль, у нас на заканадаўчым узроўні не ўстаноўлены выразны парадак фарміравання гандлёвых надбавак, нацэнак. І ва ўстановах агульнага харчавання шмат у чым кожны вольна іх тлумачыць, і надбаўкі замест устаноўленых 15 працэнтаў дасягаюць 200 і больш працэнтаў. Гэта прыводзіць да падаражэння, і калі будзе наведзены парадак, сабекошт прадуктаў харчавання значна знізіцца".

Сёння ў Беларусі каля мільёна школьнікаў атрымліваюць харчаванне за кошт дзяржбюджэту. Кожны год дзяржава вылучае на гэтыя патрэбы каля 135 мільёнаў рублёў.