Сардэчная недастатковасць не прысуд. У Мінску правялі ўнікальную аперацыю

6 сентября 2019

Унікальную аперацыю правялі беларускія кардыяхірургі, даказаўшы, што сардэчная недастатковасць  не прысуд. Пра гэта крыху пазней, а пакуль некалькі важных лічбаў, за якімі стаяць рэальныя жыцці пацыентаў.

Нашы кардыёлагі ўжо выканалі 7 аперацый па змяншэнні аб'ёму анеўрызмы пасля інфаркту міякарда. 34 пацыентам імплантавалі стваловыя клеткі. Паўсотні чалавек замянілі аартальны клапан. Усё гэта высокатэхналагічныя аперацыі. Праводзяцца інвазіўным спосабам, з надрэзам не больш за 5 міліметраў. Наогул у РНПЦ штодня робяць да 15 самых розных аперацый.

Аб унікальнай аперацыі, якую з гэтага дня смела можна запісваць у дасягненні беларускіх медыкаў, рэпартаж Анастасіі Бенедзісюк. 

Амерыка, Іспанія, Чэхія  і вось зараз Беларусь. Аперацыя ўнікальная для ўсяго свету. На аперацыйным стале мужчына 1985 года нараджэння. У РНПЦ "Кардыялогія" ён трапіў год таму ў стане, які патрабуе неадкладнага хірургічнага ўмяшання. 

Задышка, ацёчнасць. Лекі ўжо не дапамагалі. Сёння сардэчную недастатковасць усё часцей дыягнастуюць у маладых людзей. Прычына паталогіі - своечасова не вылечанае інфекцыйнае захворванне. Запаленчыя працэсы,  як вынік  - пашырэнне поласцей сэрца, зніжэнне яго скарачальнай здольнасці. Яшчэ два дні таму гэта абяцала б перасадку сэрца. 

У руках галоўнага даследчыка праекта 3Д-мадэль органа: знешняя частка (фіялетавая), з такім сэрцам пацыент лёг на аперацыйны стол. Тут жа ўнутры (сіняя)  зменшаны аб'ём левага жалудачка - вынік хірургічнага ўмяшання. 

Такога выніку ўдалося дасягнуць дзякуючы амерыканскай тэхналогіі. Інавацыйнае прыстасаванне ўяўляе  сабой вось такія каралі з якараў. Менавіта яны мацуюцца да сценак левага жалудачка і потым сцягваюцца. Аперацыя праводзіцца эндаваскулярным спосабам, з разрэзам не больш за 5 міліметраў. І ўсё пад назіраннем амерыканскіх калег. 

РНПЦ "Кардыялогія" амерыканцамі быў выбраны нараўне з вядучымі медцэнтрамі Еўропы. Клінічныя выпрабаванні тут праводзяць бясплатна. У праграме яшчэ не меней за 30 чалавек. 

Сёння аперацыю правялі адразу двум беларусам, а вось самую першую зрабілі напярэдадні. Паспяхова! Мікалай Тарасевіч - той самы шчасліўчык. Гаворыць, праблемы з сэрцам пачаліся пасля таго, як перахварэў менінгітам. Аб паталогіі даведаўся перад аперацыяй на суставы. З ёй, дарэчы, прыйшлося пачакаць. Адчувае сябе добра,  жартуе, час брацца за ногі.