Сенсацыя ў беларускай медыцыне

15 марта 2017

Нашы хірургі ўпершыню правялі аперацыі з выкарыстаннем надрукаванай на 3Д-прынтары мадэлі сэрца. Гэта дакладны прататып чалавечага органа. Для поўнага падабенства хірургі РНПЦ "Кардыялогія" правялі пацыентам камп'ютарную тамаграфію, што і дазволіла стварыць індывідуальную мадэль. Надрукаваны орган дапамог урачам цалкам спланаваць умяшанне - першапачаткова прааперыравалі мадэль, а затым сэрца пацыента. Пасля гэтага медыкі параўналі вынікі. Тэхналогія паспяхова прымененая на двух мужчынах. Прадоўжыць Улада Карніцкая.

На УГД сэрца ў сталічны кардыялагічны цэнтр Леанід Вахмін прыехаў з Гомеля. Каля года таму ўрачы паставілі мужчыне дыягназ - гіпертрафічная кардыяміяпатыя.

Гэта захворванне даволі рэдкае. У Беларусі з такім дыягназам - не больш за паўтысячы пацыентаў.

Зараз ужо Леанід Вахмін ідзе на папраўку - беларускія медыкі вылечылі мужчыну. Прычым з выкарыстаннем дакладнай копіі яго сэрца, якую надрукавалі на прынтары.

Вось яна высокадакладная гумовая 3Д-мадэль сэрца. З яе дапамогай хірургі правялі ювелірную аперацыю. На яе надрукаванне пайшло амаль 15 гадзін. І важыць яна каля 700 грамаў. Дарэчы, сэрца здаровага чалавека, як правіла, значна лягчэйшае.

Лячыць гіпертрафічную кардыяміяпатыю ў нашай краіне пачалі яшчэ ў снежні 2007 года. Да гэтага моманту такіх пацыентаў ужо 106. Але дагэтуль такую аперацыю з-за складанасці выконваюць адзінкі медыкаў. І доўжыцца яна мінімум 5 гадзін.

Уладзімір Андрушчук, кардыяхірург РНПЦ "Кардыялогія": "Сама аперацыя выконваецца праз аорту, праз вось гэту даволі вузкую адтуліну. Праз гэтую адтуліну трэба выразаць пэўны аб'ём мышцы. Гэта праводзіцца ва ўмовах абмежаванай бачнасці і часта з вялікай доляй інтуіцыі хірурга".

Каля года таму ўрачы кардыялагічнага цэнтра вырашылі ўдасканаліць складаную аперацыю. Так узнікла ідэя выкарыстаць 3Д-мадэль сэрца. На ёй дакладна бачны аб'ём участку сардэчнай мышцы, які трэба выдаліць. Прычым індывідуальна для кожнага пацыента. Таму і мадэль робіцца індывідуальна. Пацыенту для гэтага трэба ўсяго толькі прайсці камп'ютарную тамаграму.

Ужо пасля з лічбавым малюнкам працуюць спецыялісты па ЗД-друку.

Дарэчы, аперацыямі на дарослым сэрцы ўрачы вырашылі не абмяжоўвацца. Не выключана, што ў нашай краіне такім метадам пачнуць лячыць і дзяцей. Асабліва актуальна гэта для нованароджаных з прыроджанымі парокамі сэрца з незвычайнай анатоміяй. Акрамя таго, у найбліжэйшы час 3Д-друк беларускія нейрахірургі плануюць выкарыстаць пры аперацыі на мозгу дзіцяці.