Сенсацыйную знаходку зрабілі археолагі ў Навагрудскім раёне

10 августа 2016

Пры раскопках знайшлі ўнікальныя каменныя саркафагі з астанкамі людзей. Спецыялісты ўпэўненыя: знаходка можа праліць святло на таямніцу адной з самых старажытных апор праваслаўя Беларусі - легендарнага Лаўрышаўскага манастыра і папоўніць спіс самых вядомых археалагічных знаходак разам з Трояй і берасцянымі граматамі. Прычым размова можа ісці пра імавернае набыццё мошчаў аднаго з праваслаўных святых.

Алена Борматава пра загадкі беларускай гісторыі.

Сенсацыяй завяршыліся раскопкі ў Лаўрышаве. У скляпеннях Свята-Успенскай царквы XVIII стагоддзя знойдзена раней невядомая крыпта – культавае памяшканне, якое служыла для пакланення нейкім свяшчэнным астанкам. Аб святасці гаворка пакуль не ідзе. Рашэнне павінны прымаць духоўныя асобы.

Версія, што царква была пабудаваная ў якасці маўзалея для мошчаў, узнікла некалькі гадоў таму. Раскопкі на месцы мужчынскага манастыра ў Лаўрышаве вядуцца на працягу шасці сезонаў. Сёлета капалі каля самой царквы. Шукалі і царкоўныя скляпенні. З трох вядомых існавала толькі адно. Зараз знайшлі другое. Яно было засыпанае зямлёй. Вывезлі тоны грунту і… адкрылі невядомую крыпту, дзе знаходзіліся два каменныя саркафагі.

Астанкі адправілі на антрапалагічную экспертызу ў Акадэмію навук Беларусі. Навукоўцы вызначылі ўзрост людзей. Адзін падлетак гадоў дванацаці (плюс-мінус два з паловай гады). Мужчына не маладзейшы за 25 гадоў і чалавек сталага ўзросту - ад 60-ці і старэйшы. Астанкі апошняга і выклікалі найбольшую цікавасць духоўнага і навуковага свету. Іх адправілі на радыевугляродны аналіз, які вызначыў узрост пахавання - не менш чым 500 гадоў.

Паводле версіі гісторыкаў, крыпта была засыпаная ў ХІХ стагоддзі, але менавіта гэтая акалічнасць і паспрыяла таму, што саркафагі захаваліся да нашых дзён. Пасля правядзення розных экспертыз старажытныя астанкі вернуцца на гістарычнае месца. А ў крыпце правядуць рамонт, зробяць уваход, каб трапіць туды змаглі і вернікі.

Навукоўцы і святары не выключаюць версіі, што знойдзены мошчы першага ігумена - Елісея. Аднак гіпотэзу трэба пацвярджаць. Адной духоўнай інтуіцыі недастаткова. Яна павінна падмацоўвацца навуковымі фактамі.

Будзе зроблены іонны аналіз астанкаў і экспертыза ДНК. Гучных заяў без сур'ёзнай навуковай базы археолагі не робяць. У верасні навукоўцы плануюць экспедыцыю па пошуку трэцяга вядомага, але не выяўленага сутарэння.